BE RU EN

Украінскі ПЭН-цэнтр заклікаў улады Беларусі спыніць рэпрэсіі

  • 9.01.2020, 19:49

Украінскія літаратары асудзілі рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Сябры Украінскага ПЭН-цэнтра заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і пераслед грамадскіх дзеячаў і пісьменнікаў, якія з'яўляюцца тварам сучаснай беларускай літаратуры і ўяўляюць культуру Беларусі ва ўсім свеце.

«Украінскія пісьменнікі з трывогай назіраюць за падзеямі ў суседняй Беларусі, - адзначаецца ў заяве Украінскага ПЭН-цэнтра. - У сталіцы і шэрагу іншых гарадоў нядаўна прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць паглыблення інтэграцыі з Расейскай Федэрацыяй. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі адрэагаваў на гэтыя праявы нязгодаю з яго палітыкай узмацненнем рэпрэсій.

Затрыманых актывістаў, сярод якіх нямала нашых калегаў-літаратараў, сяброў Беларускага ПЭН-цэнтра, арыштоўваюць або адміністрацыйна штрафуюць на сур'ёзныя сумы толькі за выказванне сваіх думак і перакананняў».

Украінскія пісьменнікі выказалі сваю салідарнасць з грамадскімі актывістамі Паўлам Севярынцам і Аленай Талстой, перакладчыкам і былым дэпутатам Лявонам Баршчэўскім і першым беларускім дыпламатам, мовазнаўцам Пятром Садоўскім, паэтам Уладзімірам Някляевым і пісьменнікам Уладзімірам Арловым.

Заяву падпісалі 37 украінскіх літаратараў і праваабаронцаў, у тым ліку Андрэй Куркоў, Міраслаў Марыновіч, Аляксандр Ірванец, Яўген Захараў, Андрэй Бондар, Ігар Казлоўскі, Сяргей Жадан, Павел Карабчук, Аксана Куцэнка і іншыя.

последние новости