BE RU EN

Алесь Бяляцкі: Мая прэмія — гэта чорная метка беларускім уладам

  • 12.12.2019, 9:40

Праваабаронца пракаментаваў уручэнне француска-нямецкай узнагароды.

У рэзыдэнцыі амбасадара Францыі ў Менску беларускаму праваабаронцу, старшыні цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму ўручылі француска-нямецкую прэмію «За правы чалавека і вяршэнства закону», перадае «Радыё Свабода».

Бяляцкі — адзін з 15 сёлетніх ляўрэатаў прэстыжнай прэміі. У 2016 годзе яе атрымліваў старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Алесь Бяляцкі

Адкрываючы цырымонію, амбасадар Францыі Дзідзье Канэс выказаў пачуцьцё павагі да нястомнай дзейнасьці Алеся Бяляцкага і ягоных калег:

«Гэтая прэмія — знак удзячнасьці вам за тое, што вы зрабілі цягам усяго вашага жыцьця для абароны прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Гэта далося вам дарагой цаной — тры гады вы знаходзіліся ў зьняволеньні паводле палітычна матываванага прысуду. Францыя не забывае пра гэтую несправядлівасьць».

Алесь Бяляцкі (у цэнтры), амбасадар Францыі Дзідзье Канэс (зьлева) і амбасадар Нямеччыны Манфрэд Гутэрэр (справа)

Амбасадар Нямеччыны Манфрэд Гутэрэр таксама высока ацаніў дзейнасьць Алеся Бяляцкага:

«Гэтая прэмія — знак асаблівага прызнаньня вашых выбітных заслуг у справе абароны правоў чалавека і вяршэнства закону, яна дадзеная за вашу мужнасьць і вашу дзейнасьць. Гэта таксама знак франка-нямецкага супрацоўніцтва».

Алесь Бяляцкі ў адказ выступіў фактычна з праграмнай прамовай, у якой згадаў аб праблемах правоў чалавека ў Беларусі і сьвеце, у тым ліку гаварыў пра новыя судовыя працэсы супраць праваабаронцаў. Бяляцкі заявіў, што прэмію далі ня толькі яму, але і ўсёй беларускай праваабарончай супольнасьці. Такое ўзнагароджаньне таксама было б немагчымае без «удзелу» беларускіх уладаў, якія сыстэматычна парушаюць правы чалавека, сказаў Бяляцкі:

«Гэтая прэмія дадзеная як чорная метка для беларускіх уладаў ад краінаў, для якіх правы чалавека зьяўляюцца істотнымі ў замежнапалітычным бачаньні сьвету, бо ў Беларусі застаецца аўтарытарны рэжым, людзі пазбаўленыя фундамэнтальных правоў».

Алесь Бяляцкі згадаў вынікі такой палітыкі — амаль 250 штрафаў грамадзкім актывістам і журналістам на 75 тысяч эўра, крымінальныя справы супраць журналістаў і берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна.

Прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі і амбасадар Польшчы Артур Міхальскі

Бяляцкі загадаў праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага, які цяпер застаецца ў турме з палітычных матываў і цярпіць ад жорсткага абыходжаньня, значную частку часу знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Мінулыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Бяляцкі назваў цалкам сфальшаванымі, а выбраны парлямэнт нелегітымным. Ён заклікаў легітымныя парлямэнты не супрацоўнічаць зь ім.

Згадаў Бяляцкі і пагрозу незалежнасьці Беларусі з боку Расеі, сьмяротнае пакараньне, якое застаецца ў краіне, катаваньні, парушэньне моўных правоў беларусаў, гвалт да жанчын.

«Тым ня менш, калегі, заклікаю ўсіх нас не расчароўвацца ў тым, што мы робім, не апускаць рукі. Наша настойлівая і пасьлядоўная праца, перакананы, дасьць добры плён для будучыні нашага народу».

На імпрэзу былі запрошаныя прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, але яны не прыйшлі.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі (у цэнтры), амбасадар Францыі Дзідзье Канэс (зьлева) і амбасадар Нямеччыны Манфрэд Гутэрэр (справа)
Прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі і амбасадар Польшчы Артур Міхальскі

последние новости