BE RU EN

На абаронцу Курапатаў склалі пратакол за плякат «Гэць рэстаран КДБ»

  • 18.09.2018, 18:03

Пратакол склалі на Ніну Багінскую.

На грамадзкую актывістку Ніну Багінскую міліцыянты склалі пратакол пасьля таго, як 18 верасьня пэнсіянэрка выйшла да рэстарацыі ў Курапатах з плякатам «Гэць рэстаран КДБ».

«Як толькі на прыйшла з гэтым плякатам, адразу зьявіліся міліцыянты. Спачатку ўзялі тлумачэньні, а пасьля наступны этап — складаньне пратаколу. Спадарыня Ніна заявіла міліцыянтам, што гэта яе пазыцыя: яна мяркуе, што КДБ датычнае да гэтай рэстарацыі, паколькі тая дагэтуль не закрылася. Але пасьля афармленьня папераў нікога не затрымалі, міліцыянты зьехалі», — сказаў «Радыё Свабода» адзін зь пікетоўцаў, бард Зьміцер Захарэвіч.

У Курапатах «заварушыліся будаўнікі» ад дзяржавы?

Іншай навіной ад Зьмітра Захарэвіча стала тое, што на ўзвышшы, якое людзі назвалі Галгофай, назіраецца актыўнасьць.

«Будаўнікі заварушыліся, забілі ў зямлю калкі, якімі пазначылі месца помніка, які будуць усталёўваць ад імя дзяржавы. Я адмыслова падышоў і запытаў, што яны робяць. Дык тыя пацьвердзілі, што пачалі падрыхтоўку да ўстаноўкі знаку. Калі маюць ставіць сам помнік, не сказалі», — паведаміў Зьміцер Захарэвіч.

У чэрвені стала вядома, што Міністэрства культуры ўхваліла адзін з праектаў мэмарыяльнага знаку «прымірэньня і смутку», які дзяржава зьбіраецца ўсталяваць у Курапатах. Пазьней праект быў скрытыкаваны прадстаўнікамі грамадзкасьці, у тым ліку актывістамі, якія цяпер бароняць Курапаты. Таксама супраць усталяваньня мэмарыяльнага знаку выступіў адкрывальнік Курапатаў, лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк.

«Іх плян — улезьці з бэтоннымі канструкцыямі ў Курапаты і зьнішчыць мэмарыял. Ня трэба туды лезьці. Іхнія праекты паказваюць, што нічога там быць ня можа. Гэта як для каровы сядло», — лічыць Зянон Пазьняк.

последние новости