BE RU EN

Якія славутасці патрапілі на карту яўрэйскай спадчыны Гродна

  • 19.02.2018, 12:16

На карту трапілі аж 16 славутасцяў.

Блогер Яўген Аснарэўскі распрацаваў карту, прысвечаную яўрэйскай спадчыне Гродна. На маршрут ён нанёс 16 мясцовых славутасцяў, якія зацікавяць турыстаў.

У Гродне гэта не першая падобная карта, але першая якая даступная для сцягвання, піша hrodna.life. Канцэпцыя, маршрут, дызайн карты — усё аўтарскае.

— Гродна валодае надзвычай багатай яўрэйскай спадчынай, а прапанаваны маршрут дазваляе пазнаёміцца з некаторымі важнымі яе часткамі, — распавядае Яўген. — Працягласць шляху ад ЦСК «Нёман» да вуліцы Антонава з наведваннем тых 15 аб’ектаў, якія адзначаны на карце, можа скласці каля 5 кіламетраў, а гэта значыць, што магчыма прайсці маршрут пешшу.

Для тых, каму складана прайсці вялікі маршрут за дзень, апошні аддалены 16-ы аб’ект — могілкі ў Ласосна можна выключыць ці пакінуць на потым. Усе аб’екты маршруту даступныя, іх можна назіраць звонку, а некаторыя нават без праблем наведаць.

Яўген адзначае, што на карце магло б быць значна больш славутасцяў яўрэйскай спадчыны. Але блогер вырашыў выбраць 16 самых важных. Акрамя харальнай сінагогі гэта, напрыклад, яўрэйская аптэка, бальніца, фабрыка, духоўныя ўстановы і два гета.

На карце ёсць адрас кожнага аб’екта, геаграфічныя каардынаты і рэкамендацыі, якiя тычацца паслядоўнасці наведвання.

Ёсць карта і на 200 знакавых месцаў яўрэйскага жыцця ў Гродне

Кожны год у Гродна прыязджае вялікая, па беларускіх мерках, колькасць турыстаў. Сярод іх ёсць і тыя, хто цікавіцца менавіта яўрэйскай спадчынай горада. Старшыня іўдзейскай рэлігійнай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі адзначае, што ў асноўным такія турысты едуць шукаць сваякоў або памятныя мясціны.

— З Ізраіля пастаянных груп у нас няма, ёсць толькі адзінкавыя турысты. Яны часцей за ўсё цікавяцца пытаннямі, якія звязаныя з жыццём сваякоў у даваенным і пасляваенным Гродне, — распавядае Барыс Квяткоўскі. — Не даведаўшыся нічога, шмат хто проста з’язджае.

Што тычыцца карты са значнымі яўрэйскімі месцамі ў Гродне, то, на думку Барыса Квяткоўскага, яна б карысталася папулярнасцю ў турыстаў.

—Напрыклад, летам 2017 года прыезджыя актыўна наведвалі яўрэйскія могілкі. Яшчэ да новай карты мы неяк займаліся распрацоўкай уласнай. Яе на маю замову рабіў Віктар Саяпін, і тады на карце было каля 200 месцаў яўрэйскага жыцця ў Гродне. Карта была распрацавана, але не рэалізавана. Там адзначаны і месцы, дзе гродзенцы хавалі яўрэяў падчас вайны, дзе знаходзіліся розныя заводы і многае іншае. Карту нашу я разглядаю як эксклюзіў — чакаем спонсараў, каб яе выпусціць, — гаворыць старшыня іўдзейскай рэлігійнай абшчыны Гродна.

Такія карты развіваюць турызм

У 2017 годзе ў горадзе і ваколіцах пабывала больш за 43 тысяч бязвізавых гасцей, едуць і турысты з візамі. Гродзенскі экскурсавод са стажам Аляксандр Хацько лічыць, што чым больш у Гродне будзе розных карт з маршрутамі, тым для турыстаў лепш.

—Калі браць менавіта яўрэйскую тэму, то Гродна багаты на гісторыю гэтага народа. Яўрэі адыгралі вялікую ролю ў культуры і эканоміцы нашага горада. Так што з’яўленне такіх карт — безумоўна плюс. У будучыні карты можна дапрацоўваць і падладжваць пад турыстаў. Але такі матэрыял павінен быць цікавы не толькі прыезджым. Напрыклад, нашы школьнікі практычна нічога не ведаюць пра яўрэйскую спадчыну Гродна, — гаворыць Аляксандр Хацько.

последние новости