BE RU EN

Пакінуць след

  • 21.10.2018, 20:01

Радашковічы вядомыя з 15 стагоддзі, у розны час належалі Гаштольдам, Глебавічам, Агінскім, Радзівілам, Боне Сфорца.

Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы Радашковічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польшчы, перадае «Радыё Рацыя». У гэты час у пасёлку актыўна развіваецца беларускае культурнае і грамадска-палітычнае жыццё. Уявіць гэтыя працэсы без Аляксандра Уласава немагчыма.

Дзякуючы яму, тут з 1922 па 1928 гг. (па некаторых звестках па 1929 г.) працуе Беларуская гімназія імя Францыска Скарыны. Гэта была адна з пяці беларускіх гімназій, якія працавалі на этнічных беларускіх землях у складзе ІІ Рэчы Паспалітай.

У 1925 г. у гімназіі настаўнікам малявання працаваў Язэп Драздовіч. У Радашковіцкай Беларускай гімназіі вучыўся і будучы пісьменнік Максім Танк. Сюды прыязжала шмат беларускіх грамадскіх дзеячоў: Сымон Рак-Міхайлоўскі, Ігнат Дварчанін, Альберт Паўловіч і інш.

Да распаўсюжвання беларускай мовы, культуры і традыцый сярод мясцовага насельніцтва актыўна далучаецца і Таварыства беларускай школы (ТБШ). Гэта была адна з першых суполак ТБШ на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Беларускае жыццё ў Радашковічах нельга ўявіць без дзейнасці Браніслава Тарашкевіча. Філолаг, літаратар, акадэмік, стваральнік першай граматыкі беларускай мовы, пасол польскага сейму, кіраўнік беларускай парламенцкай фракцыі (Беларускі пасольскі клуб), гэты чалавек рабіў усе для беларускай ідэі. Дзякуючы намаганням Браніслава Адамавіча, у 1926 г. пры Беларускай гімназіі былі створаны курсы для настаўнікаў-беларусаў.

1925 г. Тарашкевіч узначальвае самую масавую на тэрыторыі Заходняй Беларусі палітычную партыю – Беларускую сялянска-рабочую грамаду (“Грамада”). Вясной 1938 г. Тарашкевіч быў арыштаваны НКУС і расстраляны. Дзе знаходзіцца магіла стваральніка “Беларускай граматыкі для школ”, перакладчыка на беларускую мову “Іліяды” Гамера і “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча, невядома.

У 1957 г. выдатны беларускі дзеяч быў пасмяротна рэабілітаваны. Архіў Тарашкевіча застаўся ў яго жонкі Веры Андрэеўны Тарашкевіч-Ніжанкоўскай (Снітка). Рукапісы, копіі дакументаў, шматлікія здымкі прапалі ў 1941 г. пры бамбёжцы пасёлка. Адзіны сын Браніслава Тарашкевіча Радаслаў быў забіты немцамі. Дом, у якім жыў (1923-1931 гг.) культурны, грамадска-палітычны дзеяч Браніслаў Тарашкевіч захаваўся.

Яго не паспелі, ці не захацелі, музеефіцыраваць. У ім жывуць людзі, а на доме вісіць памятная шыльда. Адна з вуліц у Радашковічах носіць імя гэтага таленавітага і выдатнага беларуса.

На здымку Аляксандр Уласаў, яго жонка Аляксандра Паўлаўна, сваякі, Браніслаў Тарашкевіч і яго жонка Вера. Фотакопія здымка.
Адна з самых вядомых кніг Браніслава Тарашкевіча “Беларуская граматыка для школ” (1918 г., Вільня).
Такі стос кніг і часопісаў, прысвечаных выбітному беларусу, ёсць у мясцовай бібліятэцы.
Вуліца Тарашкевіча ў Радашковічах. Надпіс зроблены на рускай мове.
Калі гаспадары сабакі з пачуццём гумару.
У доме дачкі Веры Ніжанкоўскай ад яе другога шлюбу – Ірыны Уладзіславаўны Ніжанкоўскай.
Дом у якім з 1923 па 1931 гг. жыў Браніслаў Адамавіч з сям’ёй. У 1936 г. жонка Тарашкевіча з сынам была з дома выселена. 1939 г. тут быў шпіталь. Фотакопія здымка.
Сям’я стваральніка “тарашкевіцы”: жонка Вера, сын Радаслаў. Фотакопія здымка.
Сын Радаслаў з дзяўчынай. Фотакопія здымка.
На здымку Аляксандр Уласаў, яго жонка Аляксандра Паўлаўна, сваякі, Браніслаў Тарашкевіч і яго жонка Вера. Фотакопія здымка.
Фрагмент дывана, які набываў Тарашкевіч. Адна з нямногіх рэчаў, якія дазволілі ўзяць яго жонцы.
Барэльеф Тарашкевіча. Падарунак братоў Луцкевічаў.
Дачка Веры Андрэяўны і Уладзіслава Ніжанкоўскага – Ірына Уладзіславаўна Ніжанкоўская. Пільнуе памяць Браніслава Тарашкевіча.
Памятная дошка на доме, дзе жыў Браніслаў Адамавіч.
Габрэйскі дом на адной з вуліц у Радашковічах.

последние новости