BE RU EN

Прыгоды палешука ад «краіны багнаў» да Аўстраліі

  • 2.04.2017, 18:22

Пінчук Мікалай Яўсеўскі пазнаёміў далёкую Аўстралію з сапраўднай палескай песняй, вершамі ды танцамі.

Шмат беларусаў зрабілі свае імя па-за межамі Бацькаўшчыны: хтосьці стаў навукоўцам, хтосьці палітыкам, хтосьці мастаком і гэты ланцуг вялікі. Але ж куды больш тых, хто дзякуючы штодзённай руплівай працы, захоўваючы ў сэрцы месца для беларушчыны, аздобіў ёй чужыну, пiша racyja.com.

Так і нашы герой, пінчук Мікалай Яўсеўскі пазнаёміў далёкую Аўстралію з сапраўднай палескай песняй, вершамі ды танцамі. На зялёным кантыненце яго ведаюць як спевака, кампазітара і паэта. А ўсё пачалося ў 1928 годзе ў сям’і пінскага святара.

Мікалай з дзяцінства марыў стаць вайскоўцам. Часцяком апранаў бацькавы боты, рабіў драўляны меч і, нібы маленькі Напалеон, маршыраваў па вуліцах Пінска. Вайсковы гарт даў бацька, які ў гады Грамадзянскай вайны на прасторах былой Расейскай імперыі служыў у вайсковым фарміраванні ўкраінскіх сечавых стральцоў, што служылі на баку УНР. Мікалай ведаў ўкраінскія вайсковыя песні, байкі і легенды, што стварала яму багата праблем у школе.

Пінск за польскім часам, сярэдзіна 1930-х гадоў
Фота: radzima.org

Да 1939 года Пінск, як і ўся Заходняя Беларусь, уваходзіў у склад Польшчы згодна з ганебнай Рыжскай дамовай, што ў сакавіку 1921 года штучна падзяліла нашую краіну. У міжваеннай Польшчы дэклараваліся свабоды і правы нацыянальным грамадам, але на справе стаўленне да любой праявы “не польскага” было не зусім добрае.

“Настаўніца гісторыі хваліла польскае войска. Апявала адвагу арміі ў змаганні за адраджэнне Другой Рэчы Паспалітай і спытала: “Якое, вы думаеце, войска найлепшае ў свеце?” Тады ніхто не хацеў адказваць, глядзелі на мяне. Адразу падняў руку і адказаў: “Казакі!”. “Сядай, дурань рускі!” – закрычала настаўніца. Да канца навучальнага года ніхто з настаўнікаў здавальняючую адзнаку не паставіў, хоць я і імкнуўся, а ў спорце быў самы першы, але … Стаў ізгоем для адміністрацыі і педагагічнага калектыва», – з успамінаў Яўсеўскага.

Другая Сусветная карэнным чынам змяніла лёсы мільёнаў людзей. Убачыўшы вайну, Мікола адмовіўся ад мары стаць бравым жаўнерам і папрасіў бацькоў запісаць яго на музычныя курсы, дзе старанна вучыўся гульні на скрыпцы.

У 1943 годзе 15-гадовага юнака нацысты мелі намер адправіць на працу ў Нямеччыну. Даведаўшыся пра гэта, маці пабегла ў працоўнае бюро з макетам карабля, які ўласнаручна сабраў сын. Гэта было яго хобі. У бюро вырашылі, што Мікалая вывозіць не варта, але забіраюць у тэхнічную школу. Праз год у Пінск ўвайшла Чырвоная Армія і сям’я Яўсеўскіх паспяшалася выехаць у Заходнюю Нямеччыну. Бацька Мікалая ведаў, што святарам, а тым больш яму, які змагаўся супраць бальшавікоў, у краіне Саветаў існаваць спакойна не дадуць.

Пасля вайны пачалося цяжкае жыццё ў лагерах для бежанцаў. Ратавала тое, што пінчук выдатна валодаў ангельскай мовай і без праблем быў прыняты на працу ў вайсковую амерыканскую тэхнічную частку.

“Яны добра да мяне паставіліся. Не кожны з нашых людзей ведаў ангельскую і мог свабодна размаўляць, распавядаць, чаму пакiнуў родны край. Мне было цікава чытаць іхнія газеты. Аднойчы ў мяне спыталі, што я рабіў падчас вайны. Я ім адказаў: “Быў вельмі брутальным жаўнерам”. Усе засмяяліся. У кутку стаяла стрэльба, схапіў маментальна. Смех прапаў, усе перапалохаліся, завісла паўза: “Вось бачыце, а вы мне не верылі”, – супакоіў перапалоханых амерыканцаў”, – з успамінаў Яўсеўскага.

Пінск за польскім часам, сярэдзіна 1930-х гадоў
Фота: radzima.org

У лагерах паляшук прабыў да 1950 года. За гэты час авалодаў інжынерскай справай, пачаў выступаць у хоры і балеце. Актыўна займаўся лёгкай атлетыкай, з грандыёзным поспехам выступаў на лакальных і міжнародных спаборніцтвах, якія ладзіліся сярод уцекачоў.

У 1951 г. пераехаў у Аўстралію, назаўжды пакінуўшы мацярык. На працягу дзесяці гадоў пражыў у Мельбурне. На жыццё вырашыў зарабляць спевам, бо доўгія гады блізкія і знаёмыя хвалілі ягоны голас. Усё атрымалася на першых выступах. Аўстралійская публіка прыняла палешука, як гавораць, на ўра. Мікалай паступіў у мясцовы музычны каледж, каб падцягнуць вакальныя дадзеныя. Пасля заканчэння абраў оперу. Гледачы надоўга запомнілі яго па ролях Мефістофеля з оперы „Фаўст” і Карася з оперы “Запарожац за Дунаем”.

У 1961 годзе перабраўся ў Сіднэй, дзе застаўся назаўжды. Тут спраўдзілася мара Яўсеўскага – стварыў фольк-гурт. Перакладаў палескія песні на ангельскую мову. Поспех быў ашаламляльны. На гэтай ніве паляшук зарабіў свой капітал. Ажно да сталага ўзросту выступаў сольна. Рэпертуар складаўся з 300 кампазіцый, і не толькі з народных, але і італьянскіх, польскіх, нямецкіх песняў. Аўстралійская прэса працяглы час называла яго адным з лепшых выканаўцаў.

Пінск за польскім часам, сярэдзіна 1930-х гадоў
Фота: radzima.org

У 2000 годзе прыняў актыўны ўдзел у адкрыцці Генеральнага консульства Украіны ў Сіднэі. Даходы дазвалялі Мікалаю Яўсеўскаму заняцца дабрачыннасцю. Аказваў фінансавую дапамогу дыяспары і найстарэйшай украінамоўнай газеце Аўстраліі “Вільна думка”. Дарэчы, у гэтым жа выданні, у свае 82 гады, пачаў весці адмысловую рубрыку “Прыгоды ў падзеях свету”.

Няхай Мікалай Яўсеўскі не стаў кіраўніком Аўстраліі, як ягоны зямляк Хаім Вейцман прэзідэнтам Ізраіля, але адкрыў “краіне кенгуру” прыгажосць роднага Пінскага Палесся.

последние новости