25 сакавіка – усе на Дзень Волі!
- Уладзімір Някляеў
- 24.03.2017, 18:22
Рэжым аслабеў, ён адчувае свой непазбежны сыход.
Я пішу гэты тэкст у Варшаве. Адсюль, зводдаль, са сталіцы Польшчы, усё, што вырабляе ў Беларусі лукашызм, выглядае нават страшней, чым зблізку.
Але я ведаю: не такі страшны чорт, як яго малююць. Рэжым аслабеў, ён адчувае свой непазбежны сыход - і менавіта праз гэта ягоныя канвульсійныя, амаль вар’яцкія дзеянні.
Я пішу гэта ў будынку Сейма. Побач з Сеймам, у цэнтры горада - мітынг. Мітынгоўцы патрабуюць перавыбараў прэзідэнта, адстаўкі ўрада, арышту міністраў, “якія рабуюць народ!” І гэта пры тым, што ў Польшы найвышэйшы ў Еўропе рост эканомікі.
Паліцыя перакрыла рух транспарту і сочыць толькі за тым, каб удзельнікаў мітынгу ніхто пальцам не крануў. Бо гэта сапраўды народ, з кішэні якога корміцца і паліцыя, і ўрад, і прэзідэнт.
За гады новай, дэмакратычнай Польшчы змянілася 5 прэзідэнтаў. У нас за гэты час ніхто не змяніўся. І таму не змянілася нічога.
Ніхто - гэта не толькі Лукашэнка. Мы таксама былі б ніхто, калі б не змяняліся. Але мы змяняемся, а ён - не. Таму: “Сыходзь!”
Каб мець сваё, трэба сваё патрабаваць. Змагацца за сваё. Хто не патрабуе, не змагаецца, той не мае.
“Адмяніць антынародны дэкрэт!”
“Правесці свабодныя выбары!”
“Вярнуць уладу народу!”
Калі не - сыходзь!
І гэта справядліва.
А калі справядліва, дык чаго і каго нам баяцца? Міліцыянтаў?.. Але ж мы не йдзем біцца з імі. Мы йдзем патрабаваць. Гэта наша права. Запісанае ў Канстытуцыі права народа. Яго ў нас аднялі - і мы патрабуем яго вярнуць!
Вернем!
Усё ў нас атрымаецца!
Жыве Беларусь!
Уладзімір Някляеў, спецыяльна для Charter97.org