BE RU EN

Ніхто не хацеў пазычаць

  • Уладзімір Халіп
  • 23.10.2010, 21:30

Чым бліжэй прэзідэнцкія выбары, тым болей нечаканых ідэй наверсе.

Чаго вартая толькі крэатыўная задача “фармавання аптымістычнага светапогляду працоўных”. Не новая, на жаль, але надзвычай перспектыўная. Яшчэ ў савецкія часы былі знойдзены два варыянты яе паспяховага вырашэння. Першы – знізіць кошты на гарэлку. Другі – падвысіць заробкі. Мудрая ўлада абрала менавіта другі, найбольш просты.

Ужо ў лістападзе заробкі падвысяцца ажно да 30 адсоткаў. Вось ён, бясспрэчны доказ працвітання. А тут яшчэ знаходзяцца людзі, якія легкадумна крыўдзяць гэты клапатлівы рэжым. Дзе яшчэ ў Еўропе падчас крызісу ўлада так пераймалася аптымістычным светапоглядам працоўных? Суседзям нашым застаецца толькі зайздросціць заможным беларусам. Ды ламаць галаву над няпростым пытаннем: адкуль у казне раптоўна з’явіліся шалёныя грошы?

Тым болей, што яшчэ недзе на пачатку кастрычніка не абы хто, а міністр фінансаў гэтай шчодрай краіны, дазволіў сабе выказванне, далёкае ад афіцыйнага курсу на ўсенародны аптымізм. “Больше при тех объемах, темпах экономического роста, которые мы сегодня видим на следующий год и рассчитываем, объективно говоря, страна увеличить не может. Дай Бог нам справиться с задачей сохранения реальной заработной платы”. Вось так – шчыра, проста, зразумела. Краіна па самыя вушы ў пазыках. Толькі на неадкладныя выплаты па іх абслугоўванні давядзецца выдаткаваць ужо ў наступным годзе 700 мільёнаў даляраў. Далей гэтыя выплаты будуць павялічвацца нібы снежны ком, які коціцца з гары. Валавы знешні доўг перавысіў 23 мільярды даляраў. Ніхто не хацеў бы няўхільна яго павялічваць. Ды некуды падзецца – нерэфармаваная эканоміка без новых крэдытаў ужо існаваць не можа. Але насуперак усім законам эканомікі заробкі пры гэткіх неспрыяльных акалічнасцях раптам пайшлі на ўзлёт. Мінімалка павінна адолець рубеж у 400 тысяч рублёў. Якім чынам?

Ды ўсё тут проста. Мясцовыя стратэгі доўга і старанна разлічвалі аптымальную дату выбараў. І нарэшце знайшлі – 19 снежня. А таму менавіта ў лістападзе, і ні месяцам пазней, электарат павінен атрымаць падвышаны заробак. У выглядзе асабістага падарунка правіцеля. Зразумела, пра подкуп выбарцаў размова не ідзе. Як зазначыў кіраўнік краіны, навука білася над гэтым ажно тры гады. І як тая мытня ў вядомым фільме “дала добро”. А з выбарамі ўсё супала выпадкова.

Праўда, у выбарцаў з’явілася нечаканая падстава задумацца, а хто-небудзь з патэнцыйных кандыдатаў можа даць народу больш? І адказ тут будзе адназначны. Вось гэта і ёсць тыя самыя “роўныя магчымасці”, пра якія на ўвесь свет абвешчана. Уступайце ў спаборніцтва, спадары кандыдаты! Даводзьце ўсім адметнасці сваіх праграм. А мы працоўным – жывыя грошыкі. Дзеля фармавання аптымістычнага светапогляду.

Нездарма ж у апошнія гады ўзнікла такое ўстойлівае словазлучэнне: беларускі цуд. Вось ён у дзеянні, ва ўсёй сваёй велічы. Дзе яшчэ гэткія эканамічныя фокусы магчымы? Няхай бы, скажам, у Лондане паспрабавалі правесці праз парламент падобны падарунак. Не толькі дэпутаты, але і дробныя клеркі палезлі б з прыкрым пытаннем: а дзе ўзяць на тое грошы? Вось і прадстаўніца МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна спрабуе пераконваць тутэйшых аптымістаў: “Рост зарплаты должен соответствовать росту производительности труда”. Яшчэ чаго! У нас свая эканоміка – знакамітай шклоўскай школы.

І задачы перад тутэйшай уладай самім жыццём пастаўлены настолькі грандыёзныя, што і сродкаў вырашэння яны патрабуюць адметных, нетрадыцыйных. Перад выбарамі народу надзвычай неабходны аптымізм. Вось і падалася ў неабсяжную вышыню вольная птушка заробкаў. Толькі ці дапаможа яна дасягнуць жаданай ідэалагічнай мэты? Падобна на тое, што зусім іншыя настроі ў грамадстве.

Дадатак да заробку – цудоўная рэч. Аднак жа найлепшыя грошы – тыя, што зароблены. Ва ўсіх цывілізаваных краінах менавіта на іх грунтуецца заможнае жыццё. А шалёныя грошы як прыходзяць, так і знікаюць. На вялікі жаль, знікнуць і гэтыя. Іх з’есць інфляцыя. Іх звядуць на нішто камунальныя выдаткі і цэны на паўсядзённыя тавары, якія растуць хутка і няўмольна. Міністр фінансаў нездарма палічыў куды больш актуальнай задачай утрыманне хоць бы гэтага ўзроўню заработнай платы.Але так разважаюць эканамісты. А ў стратэгаў – іншыя маштабы.

Наперадзе неўзятая пакуль што вышыня – чацверты тэрмін. І менавіта на тым напрамку сканцэнтраваны ўсе рэзервы галоўнага камандавання. Трэба натхніць народ, узняць на штурм. Там, на вяршыні, запаветнае крэсла. На чарговыя пяць бесклапотных і доўгіх гадоў. І здаецца, рукой падаць да перамогі.

Толькі адзін прыкры дысананс псуе велічную батальную панараму. Няўдзячны электарат пакуль не дэманструе запланаванага ўладай аптымізму. Хто ведае, можа ён пачуў аднекуль добра знаёмы яшчэ з часоў савецкіх злавесны шум друкарскага станка, які рыхтуе дадатак да абяцанага заробку. Але пустыя грошы – як халастыя патроны. А таму пра тое, як адгукнецца гэтым разам шмат разоў падмануты люд на сігнал атакі, не ведае ніхто.

Нічога страшнага. На тое і выбары.

последние новости