BE RU EN

Імперскі сіндром – хвароба цяжкая

  • Уладзімір Халіп
  • 4.02.2009, 15:29

Яны ненавідзяць адзін аднаго. Але злы лёс скаваў іх ланцугом узаемных інтарэсаў. Рэжым тутэйшы без падтрымкі Масквы існаваць не можа.

Крамлю таксама без свайго непрадказальнага суседа ніяк не абысціся. А таму зноў даводзіцца выцягваць з ідэалагічных запаснікаў запыленыя дэкарацыі прымітыўнай аперэткі пад назовам “Все хорошо, прекрасная маркиза!” І шакаваць публіку гарачымі абдымкамі. І ўзнеслымі словамі распавядаць пра поспехі ў будаўніцтве “саюзнай дзяржавы”. На чарговы акт старога фарсу можна было б і ўвагі не звяртаць. Але ў апошні час з’явіліся ў ім новыя, занадта небяспечныя матывы.

У перамовах з расійскім кіраўніцтвам пазіцыя рэжыма простая, як цвік. Увосень стан эканомікі пагоршыўся істотна. Як ні хавалі крызіс, ён усё ж вылез і пачаў у краіне гаспадарыць. Каб хоць неяк зменшыць ягоныя наступствы, патрэбны вялікія грошы. З кожным месяцам усё большыя. Колькі б ні пазычалі, а ўсё мала. Таму даводзіцца скарыстоўваць усе магчымасці іх атрымання. Захад надта шмат не дасць. Але сёе-тое пад імітацыю доўгачаканай лібералізацыі пакуль што выбіць можна. А потым яшчэ гэтымі дачыненнямі палохаць саюзніка: не будзе таннага газу і вялікіх крэдытаў – увогуле пойдзем на Захад.

Расійскае кіраўніцтва наконт мясцовай стратэгіі інфармавана выдатна. Яно ідзе на перамовы, добра ведаючы, якія карты ў руках партнёра. І пра ягоны бязвыхадны стан таксама ведае дакладна. Але грошы яму дасць. Магчыма, не адразу. Вялікія грошы. Вось толькі пляскаць у далоні з гэтай нагоды не варта. Пазыка ў Міжнароднага валютнага фонда і крэдыт расійскі – не адно і тое ж. За мільярды МВФ беларусы аддалі дваццаць адсоткаў ад таго, што было ў іх кішэнях. А вось што давядзецца аддаць за “братнюю” дапамогу, можна толькі здагадвацца.

Ніхто не ведае пра тое, на якіх умовах Расія крэдытуе Беларусь. І пра што яны дамаўляюцца падчас перамоваў. Канфідэнцыйных і надзвычай доўгіх. Калісьці беларускае грамадства легкадумна здало ўсю ўладу аднаму чалавеку. Адмовілася ад кантролю. Што ён захоча, тое і зробіць. І зусім не выключана, што беларусам ужо рыхтуюцца вялікія нечаканасці. Занадта непрыемныя.

Тыя, хто сёння кантралюе ў Расіі фінансавыя патокі, людзі прагматычныя. У іх дзеяннях – халодны, цынічны разлік. Сапраўдную цану саўковага праекта “Саюзная дзяржава” яны ведаюць дакладна. Але фінансаваць яго гатовыя напоўніцу. І нават калі цана на нафту ўпадзе да крытычнага ўзроўню і нечым будзе выплаціць заробкі ўласным грамадзянам, для свайго заходняга паплечніка грошы яны знойдуць. Толькі і гэта для радасці не нагода. Хутчэй наадварот.

Сусветны крызіс не абмінуў Расіі. Але там улады ужо ведаюць, як здымаць напружанасць у грамадстве. І дасягаць яго кансалідацыі. У цяжкія моманты на парадак дня ставіцца пытанне далучэння новых тэрыторый. І тады ўсе забываюць пра асабістыя нягоды. Расія “ўстае з кален”. З уладай разам. Імперскі сіндром – хвароба цяжкая.

Расійскае кіраўніцтва жыло ў спакоі амаль паўгода, распачаўшы малую каўказскую вайну. Але яе эмацыйны рэсурс ужо вычарпаны. Сёння трэба знайсці штосьці новае. Шмат каму з крамлёўскіх патрыётаў кіеўскі напрамак здаваўся найбольш перспектыўным. Аднак нечакана высветлілася, што газавая пятля – сродак не зусім надзейны. Атака захлынулася. А народ паразы стратэгам не даруе.

Апошнім застаецца напрамак беларускі. Можна ўзяць рэванш за украінскую паразу. Тут нават закладзена магутная міна, якая чакае свайго часу – усё тая ж “саюзная дамова”. Смяяліся над ёй? Паглядзім, хто пасмяецца потым. Варта толькі яе дэмагагічныя артыкулы напоўніць рэальным сэнсам. Нездарма ж Расіяй кіруюць юрысты і гэбісты. Тым болей, дзяржаўны доўг Беларусі імкліва набліжаецца да крытычнай лічбы. Можна крыху пачакаць – няхай пройдзе кропку незварота. А пакуль будзе выдатна дзейнічаць стратэгія пакрокавага паглынання. Сення неабачлівы саюзнік просіць вялікі крэдыт. Заўтра вымушаны будзе саступіць чарговы пакет акцый “Белтрансгазу”. Потым вымушаны будзе пагадзіцца на стварэнне адзінай мытнай прасторы і сумесную ахову мяжы з Еўразвязам. А там і да адзінай валюты ўжо недалёка. Што далей – зразумела.

А пакуль яны будуць натхнёна дамаўляцца пра фінансавую падтрымку збяднелага рэжыму. І з кожным новым расійскім крэдытам Беларусь будзе страчваць пэўную долю сваёй незалежнасці. Колькі яе яшчэ засталося ў запасе, не ведае ніхто.

І што зусім дзіўна, у гэты час знаходзяцца людзі, якія палымяна заклікаюць да супрацоўніцтва з рэжымам. Бо ён без усенароднай падтрымкі хутка лясне. А пад ягонымі руінамі загінуць можа Беларусь. Ну што тут скажаш!.. Яшчэ добра, што пры гэткім стане грамадства знайшлася хоць адна палітычная партыя, якая заклікала выйсці на плошчу і запатрабаваць адстаўкі сумніўнага гаранта. Было б добра, каб яшчэ знайшлася калі не партыя, то хаця б нейкая суполка, якая абвесціла б свету, што не Дзяржава Беларусь збірае грашовыя пазыкі, а яе збанкрутаваны рэжым. А гэта не адно і тое ж. І будучая ўлада краіны па яго абавязацельствам адказнасці ніякай не нясе. Таму што выбары не былі прызнаныя дэмакратычнымі і справядлівымі. Але ў нас чамусьці пра тую істотную акалічнасць ніхто ўжо і не ўзгадвае. Напэўна, каб не засмучаць уладу. А то яна ляснецца, не вытрымаўшы крыўды, і што тады мы ўсе будзем рабіць?

Для гэтых спадароў ёсць сумныя навіны. Дыктатарская ўлада можа разваліцца і без нашай дапамогі. Калі таго пажадае яе саюзнік. У адзін цудоўны дзень ён прывязе ў зачараваную краіну рахункі за ўвесь комплекс сваіх шчодрых падарункаў. Падмацаваныя юрыдычнымі спасылкамі на абавязацельствы, дадзеныя падчас перамоваў за зачыненымі дзвярыма. Здараецца, што гэткія рахункі прывозяць не на сподачку з блакітнай рысачкай, а на брані суседскіх танкаў. Якія прыходзяць з сяброўскім візітам. Як браты па зброі.

Дзесяці тысяч непахісных, якія ўжо чатырнаццаць гадоў на вуліцах і плошчах ратуюць гонар беларусаў, занадта мала, каб у цяжкі час абараніць яшчэ і незалежнасць. Парупіцца аб гэтым рана ці позна давядзецца ўсім.

Лепей рана, чым занадта позна.

последние новости