BE RU EN

Лукашенко отправили 6000 подписей против строительства завода ядохимикатов

  • 19.05.2008, 17:17

Жители поселка Дружный обратились к Александру Лукашенко с письмом. Шесть тысяч граждан протестуют против строительства рядом с поселком завода по производству пестицидов, а также против давления на общественность со стороны местных властей и милиции.

Ліст на імя Лукашэнкі падпісала адна з актывістак грамадзкага супраціву Тацяна Рысявец. Да ліста прыкладзены шэсьць тысяч подпісаў мясцовых жыхароў.

У інтэрвію “Радыё Свабода” Тацяна Рысявец кажа, што “надышоў момант, калі трэба называць рэчы сваімі імёнамі”. “Людзей запалохваюць самымі рознымі спосабамі, праслухоўваюць тэлефоны. Мяне вінавацяць, што я заклікаю людзей на барыкады, што арганізоўваю непарадкі. Таму я вырашыла зьвярнуцца ад свайго імя, а подпісы прыклала для таго, каб было відаць колькі людзей супраць. І гэта толькі частка людзей, бо мы сьпяшаліся і зьбіралі подпісы толькі чатыры дні. Інакш іх было б у некалькі разоў больш”.

Тацяна Рысявец таксама паведаміла, што супрацоўнікі міліцыі склалі на яе адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу аб арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу 25 сакавіка. Неўзабаве над ёй адбудзецца суд. Тым часам пратэстныя настроі жыхароў пасёлку Дружны становяцца больш радыкальнымі.

Па словах яшчэ адной актывісткі ініцыятыўнай групы Алены Будкоўскай, “кожны дзень ад людзей чуеш, што трэба самім разабраць тое, што ўжо пабудавана, запакаваць і адправіць у Расею. Альбо аплаціць ім дарогу, альбо ўвогуле зьнішчыць. Гэта кажа пра тое, што ў грамадзтве ўзьнікла нядобрая напружанасьць”, сцьвярджае Будкоўская.

Заяву супраць будаўніцтва заводу з подпісамі 6 тысяч жыхароў Дружнага актывісты ініцыятыўнай групы накіроўвалі таксама ў Пракуратуру, Канстытуцыйны суд і ўрад краіны. Адказ яны меліся атрымаць да 14 траўня, аднак вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы пакуль маўчаць.

Грамадзкі актывіст Сяргей Абразоўскі кажа пра далейшыя крокі ў такіх абставінах.

“Перадусім будзем падаваць у суд на ўрад і аблвыканкам, будзем спрабаваць зьвяртацца ў міжнародныя структуры па дапамогу. Калі ўладныя структуры сваёй дзяржавы дзейнічаюць супраць інтарэсаў насельніцтва, значыць, трэба выходзіць на тыя структуры, якія падтрымліваюць насельніцтва. На тыя палітычныя партыі, якія падтрымліваюць насельніцтва. Іншага выйсьця ў нас папросту няма”, - упэўнены Абразоўскі.

Тым часам, у сераду, 21 траўня, адбудзецца чарговае судовае паседжаньне па адміністрацыйнай справе супрць Сяргея Абразоўскага. Яго чарговым разам вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу пратэсту жыхароў пасёлку Сьвіслач 29 сакавіка. За аналягічны мітынг у пасёлку Дружны спадар Абразоўскі пакараны штрафам 1 млн. 400 тысяч рублёў.

17 траўня ў Мар'інай Горцы, адміністрацыйным цэнтры Пухавіцкага раёну, адбыўся сход з удзелам кіраўніка Акадэміі навук Міхаіла Мясьніковіча, прадстаўнікоў міністэрстваў прыродных рэсурсаў, аховы здароўя, кіраўніцтва Менскай вобласьці і Пухавіцкага раёну. Аднак на гэты мітынг не пусьцілі ніводнага з тых 6 тысяч чалавек, якія паставілі свае подпісы супраць будаўніцтва заводу.

Нагадаем, будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачынае расейская прыватная кампанія “Август-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслачы, Рудзенску, Дукоры і іншых паселішчаў. Яны ня вераць у праўдзівасьць афіцыйных заяваў і высновам дзяржаўных экспэртаў і дамагаюцца незалежнай экалягічнай экспэртызы і мясцовага рэфэрэндуму пра мэтазгоднасьць будаўніцтва шкоднай вытворчасьці. Дзяржаўныя чыноўнікі заяўляюць, што канчаткова гэтае пытаньне павінен вырашыць урад краіны. Аднак у прадстаўніцтве кампаніі “Август-Бел” паведамілі, што неабходныя дакумэнты на будаўніцтва атрыманыя і ўжо вядзецца набор працоўнага пэрсаналу.

Актывісты ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу рыхтуюць дакумэнты ў суд на кампанію “Август-Бел”, а таксама на мясцовыя ўлады паводле фактаў парушэньня дзейнага заканадаўства пры падрыхтоўцы да будаўніцтва завода”.

последние новости