BE RU EN

Жанна Литвина: «Либерализации в сфере СМИ не видно»

  • 20.10.2008, 17:46

Председатель Белорусской ассоциации журналистов Жанна Литвина заявила, что политика власти в отношении независимых СМИ в последнее время остается враждебной, жесткой и последовательной.

На думку журналісткі, гэтую праблему трэба разглядаць значна больш шырока, а не толькі як адну з умоваў паглыбленьня стасункаў Беларусі з Эўропай.

“Я бачу гэтую праблему шырэй. Гэта ня толькі ўмовы дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі, але й стан нашага грамадзтва. Гэта праблема, зьвязаная з нашай сьвядомасьцю, зь ейнай заблякаванасьцю. На маю думку, ідэя неабходнасьці пераменаў павінна зьявіцца, ўкараніцца і стаць патрэбаю для самога грамадзтва. На жаль, на сёньня мы не назіраем ніякіх станоўчых зьменаў у сфэры СМІ. Калі многія аналітыкі ўсяляк спрабуюць знайсьці прыкметы лібэралізацыі, то палітыка ўлады ў дачыненьні да незалежных СМІ апошнімі гадамі застаецца варожай, жорсткай і вельмі пасьлядоўнай”, - заявіла Жанна Літвіна ў інтэрв’ю “Нашай Ніве”.

У якасьці прыклада журналістка прыводзіць сытуацыю напярэдадні “парлямэнцкіх выбараў” у верасьні.

“Калі ўлада сама была зацікаўленая ў тым, каб хоць падрыхтоўчы пэрыяд прайшоў адкрыта і дэмакратычна, мы ж атрымліваем факт прымяненьня закону аб супрацьдзеяньні экстрэмізму. Абсалютна незразумелыя рашэньні судоў Гарадзенскай вобласьці, газэта «Звязда» друкуе пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта адкрывае дарогу для далейшага больш шырокага прымяненьня гэтага закону”, - тлумачыць яна.

Нават у першыя дні пасьля “выбараў”,зазначае журналістка, калі сытуацыя няясная і можа пахіснуцца ў адзін ці іншы бок, 1 кастрычніка была выдадзенай агульную пастанову Генэральнай прауратуры, Мін’юсту, КДБ, МУС, Камітэту дзяржаўнага кантролю, якая абмяжоўвае прадстаўленьне матэрыялаў судовых справаў, што маюць грамадзкі рэзананс ці закранаюць аўтарытэт дзяржаўнай улады.

“Нават у такой сытуацыі для ўлады самае важнае — закрыцца ад грамадзтва. І праблема, якая пераходзіць з году ў год — забарона на распаўсюд незалежных СМІ. Гэта наша сама галоўная задача на сёньня — нейкім чынам прабіць гэтую забарону і з боку «Белпошты», і з боку «Белсаюздруку». Тры выданьні — «Народная воля», «Товарищ», «Витебский курьер - М» — па ранейшаму вымушаныя друкавацца за мяжой, у Смаленску”, - канстатуе Жанна Літвіна.

На ейную думку, гэтая сытуацыя не патрабуе ад уладаў зьменаў у заканадаўстве – проста трэба элемэнтарна выконваць тое заканадаўства, што маем сёньня.

“Яшчэ вельмі складаная праблема, што гэтае змаганьне за адмену змаганьня на распаўсюд успрымаецца як вельмі вузкапрафэсійнае. Насамрэч гэта пытаньне доступу грамадзтва да інфармацыі. Гэта неймавернае парушэньне 34 ага артыкулу Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму грамадзяніну захоўваньне, распаўсюджваньне, збор інфармацыі. Сама крыўднае, што гэтая зьява не атрымлівае належнага рэзанансу ў грамадзтве. У журналістаў на сёньняшні дзень вельмі мала паплечнікаў, аднадумцаў, саюзьнікаў у грамадзянскім сэктары, якія б дапамаглі нам справіцца з гэтай агульнадзяржаўнай праблемай”, - кажа старшыня БАЖ.

Яна мяркуе, што любы аўтарытарны рэжым бачыць пагрозу для свайго існаваньня ў інфармацыі. Бо калі да людзей трапляе інфармацыя, то яны пачынаюць думаць, а затым ідуць нейкія канкрэтныя дзеяньні.

“Падчас тых сама “парлямэнцкіх выбараў” людзі не рабілі сьвядомы выбар, бо не валодалі інфармацыяй пра кандыдатаў у поўным аб’ёме. А ўвогуле Беларусь заслугоўвае занясеньня ў Кнігу рэкордаў Гінэса за злачыннае і недаравальнае абыходжаньне зь інфармацыяй. Згадваецца, як падчас Чарнобыльскай трагедыі, калі я працавала галоўным рэдактарам на дзяржтэлерадыё, я памятаю тую забарону на інфармацыю. Па сутнасьці, людзей тады пазбавілі права на жыцьцё”, - заявіла Жанна Літвіна.

Журналістка ня лічыць, што новы Закон аб СМІ будзе адмененым.

“Найбольш небясьпечным момантам там зьяўляецца спроба рэгуляваньня інтэрнэту. Хаця там і не было дакладна і да канца ясна сфарміравана, што такое інтэрнэт-СМІ. Літаральна днямі прайшла інфармацыя, што напрыканцы лістапада зьявіцца праект пастановы аб рэгуляваньні інтэрнэту. Уладу раздражняе сам факт існаваньня свабоднай інфармацыі ў інтэрнэце. Нейкія свае мэтады рэгуляваньня інтэрнэту, думаю, усё ж будуць прыдуманыя. Там ёсьць норма, якая абмяжоўвае магчымасьць замежнага інвэставаньня. Калі раней акрэдытацыя прадстаўніка замежных СМІ павінна была «садзейнічаць працы», то па новым законе акрэдытацыя трактуецца як «дазвол на ажыцьцяўленьне прафэсійнай дзейнасьці», - зазначае яна.

“Дзякуй Богу, ужо няма ранейшай нормы аб узгадненьні юрыдычнага адрасу рэдакцыі. А таксама няма абмежаваньняў, што былі ў законапраекце, зьвязаны з ужываньнем мовы. То бок няма правілаў ужываньня нарматыўнай мовы, а што гэта за мова - ніхто і ня ведае. Ну і самае асноўнае, што з 8 лютага Закон уступае ў сілу, і адразу пачынаецца перарэгістрацыя ўсіх СМІ”, - падсумоўвае Жанна Літвіна.

На ейную думку, пакуль можна толькі прагназаваць “чорныя дні” для інтэрнэту.

“Пабачым, што мы атрымаем у гэтай пастанове ўраду. І ўсе ацэнкі будуць магчымыя толькі па зьяўленьні дакумэнту. На сёньня зразумела толькі адно, калі б гэта было ў законапраекце, то можна было б нешта аспрэчваць, дабівацца пераразглядаў, калі ж гэта пастанова савету міністраў, то гэта становіцца амаль немагчымым”, - уважае журналістка.

Яна лічыць, што галоўнай умовай паўнавартаснага наладжваньня стасункаў эўрапейскіх структураў зь Беларусьсю павінна стаць праблема свабоды слова. Такім чынам, патрабаваньні Эўрасаюзу могуць даць плён.

“Немагчымы дыялёг у атмасфэры страху, немагчымы дыялёг, пакуль ня будзе пашырана свабода выказваньняў. Калі мы агульнымі намаганьнямі змаглі зьняць праблемы палітзьняволеных, то цяпер галоўнай застаецца праблема свабоды СМІ”, - перакананая журналістка.

Жанна Літвіна зазначае, што гэтая пазыцыя заўсёды выслухоўваецца ў эўрапейскіх структурах.

“Пазыцыя БАЖу адпавядае тым дэмакратычным нормам і каштоўнасьцям, паводле якіх жыве эўрапейская супольнасьць. Але мала толькі намаганьняў Эўропы, важна, каб гэтая праблема стала зразумелай для грамадзтва. Адзін Эўрасаюз гэтыя праблемы ня вырашыць за нас”, - упэўненая журналістка.

Літвіна пералічвае, якія пытаньні трэба вырашыць у галіне СМІ.

“Гэта «тры кіты». Першае — роўныя эканамічныя ўмовы для СМІ з рознай формай уласнасьці (распаўсюд, друк у краіне). Другое — доступ да інфармацыі. Трэцяе — прывядзеньне ў адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі і стандартамі беларускага заканадаўства (перагляд нормаў закону аб экстрэмізме, адмена ці мараторый на пяць самых адыёзных артыкулаў крымінальнага кодэксу)”, - кажа Жанна Літвіна.

Журналістка паведаміла аб плянах працы па паляпшэньню сытуацыі.

“На гэтых днях у нас адбудзецца праўленьне арганізацыі, куды прыйдзе прадстаўнік палітычнай апазыцыі. Будзем шукаць шляхі аб’яднаньня нашых намаганьняў для павелічэньня падпіскі на недзяржаўныя выданьні, на ўмацаваньне лякальных сыстэмаў распаўсюду. Будзем разам абмяркоўваць і распрацоўваць крокі для вырашэньня гэтых праблемаў.

Разам з тым, БАЖ — гэта не палітычная арганізацыя, у нас іншыя мэты. У нас ёсьць свае прафэсійныя абавязкі. Самаегалоўнае нашае змаганьне - за магчымасьць займацца сваёй прафэсіяй. Але ў некаторых момантах нашы інтарэсы могуць супадаць зь інтарэсамі палітыкаў. У выпадку разьдзяржаўленьня, дэманапалізацыі, адлучэньня ўлады ад СМІ нашы інтарэсы акурат супадаюць”, - падкрэсьліла Жанна Літвіна.

последние новости