BE RU EN

Польшча падала заяўку на размяшчэнне ядзернай зброі NATO

  • 30.04.2024, 18:04

Раней прэзідэнт Польшчы заявіў аб гатоўнасці размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі краіны.

Польшча зрабіла афіцыйны запыт на размяшчэнне ядзернай зброі NATO, паведаміў намеснік міністра нацыянальнай абароны рэспублікі Павел Залеўскі ў эфіры TVP. Ён удакладніў, што размова ідзе аб заяўцы на ўдзел у праграме Nuclear sharing. Раней да яе далучыліся Бельгія, Італія і Нямеччына.

«Польшча таксама заявіла аб сваёй гатоўнасці ўдзельнічаць у гэтай праграме. І гэтая заява не была адкліканая», - адзначыў Залеўскі. Пры гэтым ён нагадаў, што пастанову аб выкарыстанні ядзернай зброі, у выпадку яе размяшчэння ў Польшчы, будуць прымаць амерыканцы.

Раней прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў аб гатоўнасці размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі краіны для ўмацавання абароны ўсходняга фланга NATO. З ягоных слоў, ён абмяркоўваў гэтую тэму падчас візіту ў Вашынгтон. Неабходнасць такога захаду Дуда патлумачыў «мілітарызацыяй» Калінінградскай вобласці і размяшчэннем ядзернай зброі Расеі ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка наўпрост заяўляў, што атрыманыя ў Масквы ракеты могуць быць накіраваныя супраць Польшчы, якую ён абвінаваціў у планаванні ўварвання на тэрыторыю краіны. У нядаўна прынятай вайсковай дактрыне ўлады рэспублікі ўказалі, што будуць расцэньваць як ваенную пагрозу размяшчэнне ядзернай і біялагічнай зброі на тэрыторыі «недружалюбных» суседніх краін, уключаючы Польшчу.

Nuclear sharing - гэта пагадненне ЗША з краінамі-хаўрусніцамі па NATO аб перадачы ў выпадку вайсковай неабходнасці ядзернай зброі з амерыканскіх баз захоўвання. У рамках місіі Паўночнаатлантычнага альянсу ЗША ўжо размясцілі на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаў амаль 150 сваіх ядзерных боегаловак.

Апошнія навіны