BE RU EN

«Ад усяго сэрвісу засталася толькі гара жоўтага пясочку»

  • 23.04.2024, 11:31

Беларуска на простым прыкладзе расказала, як заняпад прыходзіць у розныя сферы жыцця.

Чытачка сайта Charter97.org распавяла, як лукашэнкаўскім заняпад дабраўся нават да могілак:

- Кожны год мы перад Радаўніцай ездзім на могілкі прыбраць магілы дзядоў і прадзедаў. Могілкі знаходзяцца досыць далёка ад дому, у іншым раёне, таму на гэтую акцыю мы з мужам выдаткоўваем цэлы дзень, бо ехаць трэба цягніком, а пасля аўтобусам.

Могільнік гэты немаленькі, досыць вялікага беларускага горада — Слуцка. У нас тут досыць шмат працы, бо маем там ажно 8 магіл сваіх крэўных. Пакуль усё прыбярэш, перакапаеш, падфарбуеш агароджу, пасадзіш кветкі… Адным словам, завіхаемся там 3-4 гадзіны.

Дык вось, прыехалі мы днямі на могілкі, зрабілі ўсю работу ды накіраваліся ў спецыяльна адведзенае месца, каб памыць рукі, схадзіць у прыбіральню і набраць пяску падсыпаць магілы.

Якое ж было нашае здзіўленне, калі прыйшоўшы, мы не знайшлі прыбіральню. Так, ведама ж, прыбіральня там была драўляная, як сёння сказалі б, старасвецкая. Але была… Сёння ад яе і знаку няма. Новая чамусьці не з’явілася. Рукі пасля працы таксама памыць не выпала — калонка не дзейнічала. Ад усяго сэрвісу на могілках засталася гара жоўтага пясочку, на гэта пакуль што сродкі з бюджэту выдаюць.

Назад ехалі цягніком ды дзіваваліся, што лукашысцкі заняпад дабраўся і да могілак. Хутчэй бы могілкі дабраліся да лукашыстаў…

Апошнія навіны