BE RU EN

Пад Воршай лось напаў на аўто, што праязджалі па дарозе

  • 21.04.2024, 15:22

Відавочцам сітуацыя нагадала фільм «Фарсаж».

На днях у TikTok апублікавалі відэа, дзе пасярод дарогі на праезную частку выбег лось. Жывёліна не захацела прапускаць аўтамабіль і наважыла паказаць, хто тут гаспадар. Спачатку дасталася аднаму кіроўцу, які спрабаваў прагнаць лася з дарогі, а потым жывёліна і зусім учыніла пагоню. Ды так, што аўтар відэа нават развярнуцца не паспеў.

На роліку відаць, як пасярод дарогі спыняецца аўтамабіль «УАЗ», з якога выходзіць кіроўца і спрабуе адагнаць лася. Аднак чалавек адразу разумее, што гэта памылка, садзіцца ў аўтамабіль і…лось тут жа перамыкае сваю ўвагу на другога ўдзельніка дарогі – аўтара відэа, які ўвесь гэты час стаяў ззаду і здымаў тое, што адбываецца з аўтамабіля. Справа была каля вёскі Міцькаўшчыны Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.

«І тут разахвочаны лось надумаў не спыняцца на дасягнутым, і паказаць нам, хто тут галоўны», - напісаў мужчына, пасля чаго пачаў хутка даваць назад. Што было далей, глядзіце самі…

«Я адзін чакаў паліцэйскі разварот?» - задаў пытанне адзін з карыстальнікаў у каментарах, на што аўтар адказаў:

«Была шалёная думка зрабіць. Але ўсё ж не рызыкнуў, кошт памылкі быў вялікі».

У выніку ўсё скончылася добра. Беларус распавёў, што «лось стаміўся гнаць іх і сышоў у поле», а яны развярнуліся і паехалі ў іншы бок «ад граху падалей».

Шмат хто пісаў, што кіроўцу пашанцавала, бо ззаду не было аўтамабіляў. «Гэта так, інакш бы патрапілі па поўнай», - пракаментаваў у адказ аўтар роліка.

Дарэчы, бясстрашнаму кіроўцу «УАЗ» лось знёс бакавое люстэрка, «трохі падрапаў фарбу і заліў слінай».

«І смешна, і сумна. Рух заднім ходам здадзены паспяхова! - Працягвалі пісаць у каментарах.

Шмат каму сітуацыя нагадала фільм «Фарсаж», а хтосьці адзначыў, што «лось у мінулым жыцці, відаць, даішнікам быў».

Апошнія навіны