BE RU EN

«Гэта рэкорд!»: беларусы збіраюць у лясах нечаканы ўраджай грыбоў

  • 21.04.2024, 20:35

Так рана маслякі яшчэ не з'яўляліся.

Пакуль у Віцебскай вобласці беларусаў замятала снегам, у Берасцейскай ужо збіралі грыбы. Беларуска падзялілася ў TikTok відэаролікам з першымі знойдзенымі маслякамі. Свой ураджай дзяўчына сабрала пад Берасцем 19 красавіка.

«Прыйшла ў лес сабраць для гарбаты пялёсткаў і бутонаў дзікай яблыні, а тут такая прыгажосць! Маслякі!», — захапілася аўтарка відэароліка і прадэманстравала некалькі знойдзеных каля яблыні маладых маслякоў.

Некаторыя з карыстальнікаў, якія пакінулі каментары, не паверылі.

«Гэта жарт», - напісаў адзін каментатар, а іншы дадаў, што гэта ўсё «казкі Агніі Барто».

Аўтарка відэа адказала, што сустрэць грыбы так рана - для яе таксама рэкорд. Яна прыгадала, што летась знайшла першы грыб 1 траўня, і тады ёй таксама не паверылі.

Але знайшліся і тыя, хто ўжо сабраў першы грыбны ўраджай. Хтосьці нават заявіў аб знойдзеных яшчэ ў сакавіку лісічках.

«Я паказала лісічкі ў сакавіку на сваёй старонцы. Як высмейвалі мяне. Хаця відэа не адно і бачна, што рэальна зрываю іх», — напісала адна дзяўчына.

«Я два дні таму знайшла маслякі», - распавяла яшчэ адна дзяўчына ў каментарах, а аўтарка відэароліка дадала, што ўжо тры чалавекі заявілі, што знайшлі маслякі ў красавіку.

Апошнія навіны