BE RU EN

Мікалаю Статкевічу не даюць патэлефанаваць родным нават пасля смерці бацькі

  • 16.04.2024, 14:27

Ад лідара беларускай апазіцыі няма вестак ужо 430 дзён.

Жонка лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч расказала, што палітвязню не даюць звязацца з роднымі нават пасля смерці бацькі. Ад Мікалая Статкевіча няма вестак ужо 430 дзён.

«Пасля смерці таты Мікалай меў (мае!) права на тэлефонны званок родным. У адпаведнасці з ч. 3 арт. 86 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Беларусі, дадам для тых, хто сумняваецца.

Безумоўна, і тэлеграму я адправіла, і з'ездзіла ў Глыбокае сама (зрэшты, як і амаль кожны месяц), і заяву на званок пакінула. А яшчэ на допуск натарыуса, бо, на жаль, іншых блізкіх сваякоў у Віктара Паўлавіча (бацькі Мікалая Статкевіча — заўв. рэд.) у Беларусі няма.

Дачакалася вось... Не, не званка. Афіцыйнага адказу.

Не хоча Статкевіч «ні пісаць, ні тэлефанаваць, ні з адвакатам і натарыусам сустракацца». 430 дзён не хоча. А я ўсё даймаю занятых людзей», — напісала Марына Адамовіч у «Фэйсбуку».

Мікола Статкевіч быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі).

З пачатку ліпеня 2022 года - з таго часу, як Мікалай Статкевіч пачаў адбываць пакаранне ў Глыбоцкай калоніі - у яго было 23 спагнанні. Як мінімум 9 разоў ён трапляў у штрафны ізалятар - на тэрміны ад 7 да 10 дзён. Новы год палітвязень сустрэў у штрафным ізалятары.

Мікола Статкевіч утрымліваецца ў калоніі ў максімальна жорсткіх умовах: палітыка трымаюць у адзіночнай камеры ў небяспечных для здароўя ўмовах. Стала вядома, што ў зняволенні Мікола Статкевіч двойчы перахварэў на COVID-19.

20 сакавіка ў Мікалая Статкевіча памёр бацька. Палітвязню не далі з ім развітацца.

Апошнія навіны