BE RU EN

«Не даводзьце народ! На вілы падымем усіх»

  • 13.04.2024, 18:51

Жыхары Арэнбурга пачалі пагражаць паўстаннем.

Жыхары расейскага Арэнбурга на сустрэчы з уладамі і кіраўніцтвам МНС пагражалі паўстаннем. Яны абураныя бяздзейнасцю рэжыму ў той час, калі горад з-за паводкі ідзе пад ваду.

Кадры эмацыйнага звароту арэнбуржца да ўладаў трапілі на відэа. Мужчына прыгразіў "падняць на вілы" расейскія ўлады, на што ў зале адрэагавалі гучнымі воплескамі, піша Диалог.UA.

Вада ўсё яшчэ працягвае заліваць Арэнбург і іншыя гарады і вёскі вобласці, а грамадства ўжо апынулася на мяжы сацыяльнага выбуху.

Узніклі праблемы з выплатамі кампенсацый пацярпелым: Крэмль выплачвае мізэрную дапамогу грамадзянам толькі пры ўмове прапіскі.

«Я не магу ў двух месцах быць прапісаны… Але мне ніхто не забараняў мець два дамы, тры і пяць! Я іх тут зарабіў, гэтыя грошы, сам пабудаваў. І тым, што я будаваў, эканоміку паднімаў рэгіёна. Я падаткі плачу ўсё! (...) А зараз вы мне кажаце, калі ты там не прапісаны, ты ніхто. Я ўсё жыццё працаваў і страціў зараз усё. Разумееце? А вы тут супакойваеце мяне! Не трэба мяне супакойваць! Я пяць дзён не сплю! - крычаў на сустрэчы арэнбуржац.

Шмат прэтэнзій у жыхароў горада і да працы Міністэрства надзвычайных сітуацый (МНС). З іх звестак, ратавальнікі нічога не робяць, а толькі ўдзельнічаюць у здымцы прапагандысцкіх ролікаў і перашкаджаюць мясцовым актывістам праводзіць выратавальныя аперацыі.

«МНС нічога не робіць. Яны сядзяць там, піражкі ядуць. А па тэлевізары прыгожыя карцінкі паказваюць, што яны працуюць. Ні халеры не працуюць! (...) Я вам яшчэ раз кажу, не даводзьце народ - на вілы паднімем усіх! Бездапаможныя! Вы прыехалі, на карцінку зняліся, вас прыгожа па тэлевізары паказалі: МНС піражкі развозяць, ваду развозяць. Ні халеры нічога не развозяць... І гэтак жа будзе з выплатамі, людзі! Нічога ніхто нам не выплаціць! Несумленныя!» - крычаў мужчына.

Кіраўніцтва вобласці некалькі разоў спрабавала яго перабіць і прымусіць замаўчаць. Аднак арэнбуржац, даведзены да роспачы, не супакоіўся. Ён запатрабаваў, што ўлады «былі з народам».

Яшчэ адзін удзельнік сустрэчы расказаў, што МНС адмовілася эвакуаваць ляжачага хворага з зоны падтаплення. На просьбу аб дапамозе ратавальнікі заявілі са смехам, што пацыент «пачакае».

Паводка ў Арэнбургскай вобласці пачалася вечарам 5 красавіка. На рацэ Урал у раёне Орска прарвала насыпную дамбу, на будаўніцтва якой пуцінскі рэжым выдаткаваў 1 млрд рублёў. Дзясяткі населеных пунктаў былі ў зоне затаплення.

Абласны цэнтр - Арэнбург - праз тыдзень працягвае падтопліваць, пад ваду сыходзяць новыя раёны горада. Узровень вады ў рацэ пераадолеў крытычную адзнаку 11 метраў.

У рэгіёне абвешчаны рэжым надзвычайнай сітуацыі. З апошніх звестак, ужо блізу 30 тысяч жылых дамоў і садовых таварыстваў падтоплена ў Арэнбуржскай вобласці.

Апошнія навіны