BE RU EN

Спартоўцаў з Беларусі не дапусцяць на цырымонію адкрыцця Паралімпіяды ў Парыжы

  • 6.03.2024, 17:05

У Парыжы атлетаў чакае праверка.

Спартоўцаў з Беларусі і Расеі не дапусцяць на цырымонію адкрыцця Паралімпіяды ў Парыжы 28 жніўня (як і на цырымонію закрыцця 8 верасня). Аб гэтым у сераду паведаміў Міжнародны паралімпійскі камітэт.

Беларускія і расейскія спартоўцы дапушчаныя да Параалімпіяды выключна ў нейтральным статусе і ў адзіночных тыпах спорту. Цяпер апублікаваныя правілы іх удзелу ў спаборніцтвах. Узнагароды, здабытыя атлетамі з Беларусі і РФ, не будуць улічвацца ў агульным медальным заліку Паралімпіяды. Калі нейтральны спартовец здабудзе залаты медаль, будзе выкананы паралімпійскі гімн.

Дэманстрацыя афіцыйнай дзяржаўнай сімволікі Беларусі і Расеіі забараняецца, як і прысутнасць на ўніформе герба ці назвы краіны. Спартоўцы будуць выступаць пад белым сцягам з чорнымі літарамі, якія «азначаюць прыналежнасць да нейтральных спартоўцаў».

Падчас Паралімпіяды будзе створаны «незалежны вонкавы орган», які зоймецца ацэнкай атлетаў і дапаможнага персаналу. Тыя з іх, хто падтрымлівае агрэсію Расею супраць Украіны або мае дачыненне да сілавых структур, допуску не атрымаюць.

Пра тое, што беларусаў і расейцаў з пэўнымі абмежаваннямі дапусцілі да Параалімпіяды, стала вядома ў верасні 2023-га. Санкцыі на Беларусь і Расею наклалі ў 2022 годзе пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.

Апошнія навіны