BE RU EN

Брытанія мадэрнізуе дроны для Украіны, каб расейцы не змаглі іх «пасадзіць»

  • 27.03.2024, 21:03

Што вядома.

Інжынеры кампаніі Evolve Dynamics працуюць над тэхналогіяй, якая магла б дапамагчы ўкраінскім выведным дронам даўжэй заставацца ў небе нават у выпадку таго, калі Расея паспрабуе здушыць іх электронным спосабам.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Выданне піша, што гэта важная частка міжнародных намаганняў хаўруснікаў Украіны ў падтрымцы яе праграмы беспілотнікаў.

Яна павінна даць Украіне перавагу перад РФ, якая мае значна больш рэсурсаў.

«Кампаніі з дзясяткаў краінаў пастаўлялі ва Украіну дроны і іх камплектавальнікі. Некаторыя з іх, напрыклад Evolve Dynamics, таксама факусуюцца на тэхналагічных дасягненнях, закліканых супрацьстаяць магутным магчымасцям Расеі ў галіне радыёэлектроннай барацьбы», – піша выданне.

Распрацоўваючы альтэрнатыўныя алгарытмы радыёсувязі, кампанія імкнецца ўскладніць магчымасці Расеі ў глушэнні сігналу ад яе дронаў-выведнікаў.

Абодва бакі актывізавалі разгортванне сістэмаў РЭБ, якія могуць парушыць частоты, што перадаюць каманды ад аператара да беспілотнікаў, прымушаючы іх падаць з неба ці прамахвацца міма цэлі.

«Гэта сталая гульня ў пінг-понг паміж спаборнікамі», – сказаў выканальны дырэктар Evolve Dynamics Майк Д’юхерст.

Паводле ягоных ацэнак, за апошнія два з паловай гады было зроблена 85 абнаўленняў дронаў Sky Mantis.

Evolve Dynamics цяпер мае блізу 100 дронаў-выведнікаў Sky Mantis, якія лётаюць ва Украіне, што робіць яе адной з пяці-дзесяці буйных брытанскіх пастаўшчыцаў дронаў для УСУ.

Д’юхерст штомесяц ездзіць ва Украіну. У мінулым месяцы ваеннае падраздзяленне з Украіны папрасіла Evolve Dynamics унесці змены ў сваю тэхналогію, каб зрабіць яе больш бяспечнай для аператара.

Апошнія навіны