BE RU EN

Манголія перажывае самую халодную зіму за 50 гадоў

  • 23.03.2024, 13:25

Масава памірае жывёла.

Манголія перажывае самую марозную зіму за апошнія паўстагоддзя. Праз гэта адбываецца масавы падзеж быдла, які, у сваю чаргу, пагражае голадам жывёлагадоўцам – асноўнаму насельніцтву краіны. Цяпер ужо больш за сем тысячаў сем'яў адчуваюць нястачу ў ежы, паведамляе Чырвоны Крыж, і прагнозы кажуць, што ў найбліжэйшы час сітуацыя будзе пагаршацца, піша сайт «Радыё Свабода».

Маразы блізу 30–40 градусаў Цэльсія з моцнымі снегападамі ўсталяваліся ў Манголіі з лістапада. Снегам і лёдам пакрытыя пашы. Ад немагчымасці пракарміцца масава паміраюць козы, бараны і коні. За зіму, паводле ацэнак Чырвонага Крыжа, памерла ўжо 4,7 мільёна галоваў жывёлы. Як мінімум 2250 сялянскіх сем'яў страцілі больш за 70% сваіх статкаў.

Прыроднае бедства, калі праз рэзкія перапады тэмпературы і моцныя маразы стэп пакрываецца тоўстым пластом снегу або скарынкай лёду і жывёлы не могуць дабрацца да падножнага корму і вады, называецца ў Манголіі «дзуд» («бяскорміца»). Масавая гібель жывёлы ад голаду і абязводжвання становіцца катастрофай для жывёлагадоўцаў – іх у Манголіі блізу 300 тысячаў. Яны вядуць традыцыйны лад жыцця, і быдла для іх – і іх уласная ежа, і адзіная крыніца прыбытку.

Дырэктар Чырвонага Крыжа па Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне Аляксандр Мацью расказаў CNN, што «дзуд» у Манголіі быў рэдкай з'явай, але стаў сустракацца часцей у апошняе дзесяцігоддзе. Гэта звязана з глабальнымі зменамі клімату. Паводле ацэнак ААН, за апошнія 80 гадоў сярэднегадавая тэмпература ў Манголіі павысілася на 2,46 градуса Цэльсія. Лета ў рэгіёне становіцца больш гарачым і засушлівым, а зіма халаднейшай і снежнай, што стварае вельмі неспрыяльныя ўмовы для людзей і жывёлаў.

Апошнія навіны