BE RU EN

У Расеі падрыхтаваліся да спынення валютных таргоў

  • 22.03.2024, 18:12

Санкцыі адрэжуць біржу РФ ад аперацый.

Банк Расеі знаходзіцца ў «сталай гатоўнасці» да ўвядзення новых санкцый, у тым ліку супраць інфраструктуры айчыннага фінансавага рынку, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў пятніцу кіраўніца ЦБ РФ Эльвіра Набіуліна.

З яе слоў, ЦБ папярэдне абмяркоўвае з Масбіржай сцэнар, пры якім пад абмежавальныя захады трапяць сама біржа і Нацыянальны клірынгавы цэнтр (НКЦ) – яе ключавая структура, адказная за рэгістрацыю ўсіх угодаў.

«Мы …> разглядаем розныя варыянты разам з біржай з тым, каб забяспечыць функцыянаванне нашай інфраструктуры», — патлумачыла Набіуліна.

Санкцыі, якія адрэжуць біржу ад магчымасці праводзіць аперацыі ў далярах (калі іх увядуць ЗША) і еўрах (калі іх увядзе Еўразвяз), прывядуць да спынення біржавых валютных таргоў у Расеі.

У гэтым выпадку курс расейскага рубля будзе «ўстанаўлівацца на аснове звестак аб пазабіржавых таргах, і ў тым ліку выкарыстоўваючы банкаўскую справаздачнасць», расказвала Набіуліна ў снежні. Адпаведныя нарматыўныя дакументы ЦБ, з яе слоў, ужо гатовыя.

Аб тым, што Масбіржа будзе вымушаная спыніць таргі далярамі ў выпадку ўвядзення амерыканскіх санкцый, у пачатку снежня папярэджваў кіроўны дырэктар гандлёвай пляцоўкі Ігар Марыч. «У выпадку амерыканскіх санкцый не будзе таргавацца даляр ЗША, але ў структуры валютнага рынку біржы ён ужо не адыгрывае такой ролі (як раней)», – супакойваў ён. Са слоў Марыча, доля амерыканскай валюты ў таргах на валютным рынку апусцілася да 32% у кастрычніку-лістападзе, хоць да вайны дасягала амаль 80%.

«Цэнтральны банк у гэтым выпадку можа лічыць афіцыйны курс паводле пазабіржавых угод», – казаў Марыч.

Апошнія навіны