BE RU EN

У Менску асудзілі шасцярых кантралёраў

  • 19.03.2024, 20:21

Яны выпісвалі незаконныя штрафы.

У Менску кантралёры выпісвалі пасажырам незаконныя штрафы. Пракуратура скасавала іх пастановы і запатрабавала выключыць звесткі пра адміністрацыйныя правапарушэнні з базы звестак. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ўстановы.

Паведамляецца, што раней суд Заводскага раёна сталіцы вынес прысуды паводле крымінальных справаў у дачыненні да шасці кантралёраў пасажырскага транспарту паводле фактаў злоўжывання імі службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК). Вызначана, што яны незаконна змушалі невінаватых грамадзянаў да адміністрацыйнай адказнасці за праезд без квітка, падрабіўшы іх подпісы. Агулам яны вынеслі дзесяць незаконных пастановаў аб накладанні адміністрацыйных спагнанняў.

«Пракуратура ў мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў скасавала незаконныя пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, а справы аб адміністрацыйных правапарушэннях спыніла», – гаворыцца ў паведамленні ўстановы.

Таксама на патрабаванне пракуратуры звесткі пра скасаванне гэтых пастановаў былі ўнесеныя ў адзіны дзяржаўны банк звестак аб правапарушэннях.

Апошнія навіны