BE RU EN

У Расеі пачалося цкаванне Пугачовай: эксперт патлумачыў, як гэта звязанае з пратэстнымі настроямі

  • 11.03.2024, 18:11

Раней расейскія ўлады не наважваліся ісці «ў лабавую атаку» на Прымадону.

Да нядаўніх часоў Крэмль, нягледзячы на антываенную пазіцыю Алы Пугачовай, не адважваўся адкрыта «цкаваць» спявачку. Мы памятаем, што ў траўні мінулага года, калі артыстка прылятала на пахаванне Валянціна Юдашкіна, да яе падыходзіў Пяскоў і нават цалаваў ёй рукі. Але пасля пахавання Аляксея Навальнага ўсё імкліва змянілася. З крытыкай галоўнай расейскай спявачкі «ва ўнісон» выступілі дэпутат Дзярждумы РФ Аляксей Жураўлёў, прапагандыст Андрэй Норкін, рэжысёр Мікіта Міхалкоў, кумір хатніх гаспадынь Стас Міхайлаў. Акрамя таго, Прымадонну сталі цкаваць і ў федэральных медыях.

Насамрэч нічога дзіўнага не адбылося. Гэта цалкам заканамерны працэс. Ганенні на Пугачову - частка агульнага трэнду на закручванне гаек і ўзмацненне жорсткасці рыторыкі пуцінскага рэжыму. Усё гэта звязанае з ростам пратэстных настрояў і рэйтынгамі ўладаў, якія падаюць, заявіў расейскі апазіцыянер, паліттэхнолаг і былы спічрайтэр Пуціна Абас Галямаў.

«Строга кажучы, у іх іншых варыянтаў не застаецца. Толькі хардкор і жорсткае прыгнечанне. Нельга сказаць, што адбылося нешта новае. Гэта працяг тых трэндаў, якія мы назіраем ужо дастаткова даўно», – адзначыў эксперт.

Са слоў Галямава, раней расейскія ўлады не наважваліся ісці ў лабавую атаку на Прымадону праз яе веліч, але зараз яны не могуць яе ігнараваць, бо яна выступае, нешта кажа, публічна падтрымлівае тых, хто прыйшоў развітацца з Навальным. З іх пункту гледжання, яна ўрываецца на іх тэрыторыю, а яны толькі абараняюцца, зазначыў паліттэхнолаг.

«Іншая справа, ці з’яўляецца правамерным уважаць усю прастору расейскай палітыкі сваёй уласнасцю? З майго пункту гледжання, вядома ж, не. Але ў іх вачах гэта абарончыя дзеянні. Калі б яна сядзела і маўчала, то яе б таксама не чапалі, а калі яна выступае, то яны вымушаныя адказваць», – патлумачыў аналітык.

Апошнія навіны