BE RU EN

У Расеі «баявая качка» вывела з ладу пасажырскі самалёт

  • 11.03.2024, 17:13

У судовых дакументах фігуруе вельмі цікавае пытанне.

У Расеі адбыўся канфуз з пасажырскім самалётам «Суперджэт»: яго вывела з ладу...звычайная качка, якая вельмі «ўдала» вылецела і трапіла ў рухавік паветранага судна, што адправілася з аэрапорта Табольска, паведамляе Диалог.UA са спасылкай на расейскія медыя.

«Рэйс Табольск – Санкт-Пецярбург на SSJ-100 не адбыўся. На ўзлёце качка згарэла ў рухавіку, ён адмовіў, і самалёт мусіў вярнуцца ў аэрапорт. На борце было 78 чалавек, ніхто не пацярпеў», - пазначана ў паведамленні.

У сувязі з гэтым кур'ёзным інцыдэнтам авіякампанія «Расія» падала пазоў у суд з патрабаваннем спагнаць 40 мільёнаў рублёў з табольскага аэрапорта, а таксама скаргу ў Растранснагляд, каб гэты орган праверыў гэты аб'ект.

Характэрна, што ў судовых дакументах фігуруе вельмі цікавае пытанне: ці была гэта залётная «баявая» качка ці бесперапынна знаходзілася на тэрыторыі аэрапорта Табольска?

Таксама пазоўнікі паставілі пытанне, ці дастаткова добра гэты аэрапорт вёў працу па адпужванні птушак: ці ёсць на тэрыторыі пудзіла мёртвых птушак, а таксама дроны супраць іх і спецыяльныя «антыптушкі».

Асабліва пацешна было чытаць прэтэнзіі расейскай авіякампаніі, што на тэрыторыі аэрапорта было недастаткова сабак, якія павінны праганяць птушак з узлётна-пасадачнай паласы.

Апошнія навіны