BE RU EN

Выставу да юбілею Быкава згортваюць праз 10 дзён пасля адкрыцця

  • 2.02.2024, 21:11

Экспазіцыю да 100-годдзя народнага пісьменніка планавалі паказваць да 5 траўня.

Экспазіцыю да 100-годдзя народнага пісьменніка планавалі паказваць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры да 5 траўня, але перадумалі. Яна пратрымалася толькі 10 дзён.

Згорнуць яе 5 лютага. Пра гэта стала вядома чытачу «Нашай Нівы», які тэлефанаваў у музей даведацца пра час працы выставы.

«Самі думалі, што будзе даўжэй, але так выйшла», – растлумачылі яму, не называючы прычынаў датэрміновага закрыцця выставы.

Часовую экспазіцыю «Жыццё праз абрысы і лініі», прымеркаваную да 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава, адкрылі 25 студзеня.

Асаблівасць выставы ў тым, што яна не толькі мае дакументальна-літаратурны складнік, але і адкрывае пісьменніка як мастака.

Сярод артэфактаў, напрыклад, намаляваная схема падлучэння стацыянарнага кампутара – якімі правадамі падключаюцца манітор, прынтар, клавіятура ды іншыя прылады.

У экспазіцыі выстаўлена больш за 70 графічных і жывапісных працаў Васіля Быкава. Гэта ягоныя замалёўкі пейзажаў, дамоў, падворкаў з часоў дзяцінства, а таксама ўспаміны пра вайну, выпадкі з жыцця, самаіранічныя накіды, асваенне аўтамабільнай справы, будаўніцтва лецішча ў Ждановічах.

У кнізе ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» Васіль Быкаў пісаў: «Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый. Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых».

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года. Пасля заканчэння 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы будучы пісьменнік паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню. Аднак увосень 1940 года праз нястачу грошай і скасаванне дзяржаўных стыпендый кінуў навучанне.

Пасля вайны і дэмабілізацыі ў 1947-м Быкаў прыехаў у Менск, дзе зноў планаваў паступіць у мастацкую вучэльню. Але ў выніку патрапіў у Гародню, дзе некаторы час працаваў у мастацкіх майстэрнях.

Васіль Быкаў гаварыў пра рэжым Лукашэнкі, што «краінай кіруе хунта». Да гэтага часу Быкаў успрымаецца лукашыстамі як чужародны. Беларусы ж уважаюць Быкава за сумленне нацыі. На ягонае пахаванне ў 2003 годзе прыйшлі тысячы суайчыннікаў.

Апошнія навіны