BE RU EN

У Менску ў кіроўцаў таксовак пачалі адбіраць аўто

За апошнія дні адабралі восем аўто.

Транспартная інспекцыя пасля адабрання маршрутак узялася за таксоўкі. Аўтамабілі адбіраюць за «сур'ёзнае парушэнне», якім уважаюць, напрыклад, нелегальныя перавозкі. Лёс аўтамабіляў вызначае суд і звычайна іх не канфіскуюць, а вяртаюць уладальнікам, піша onliner.by.

Транспартная інспекцыя ўзмацніла кантроль за пасажырскімі перавозкамі ў сакавіку - пасля ДТЗ з маршруткай пад Смалявічамі, у выніку якога загінулі 13 чалавек. Тады паведамлялася, што парушальнікаў будуць не толькі штрафаваць, у іх будуць канфіскоўваць мікрааўтобусы.

Першы такі выпадак адбыўся 13 красавіка: транспартная інспекцыя забрала маршрутку ў кіроўцы, які выконваў рэгулярныя рэйсы пад выглядам нерэгулярных. Гэта назвалі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Цяпер жа, як паведамляюць журналісты, забіраць пачалі таксоўкі - таксама за нелегальныя перавозкі, якія ўважаюцца за незаконны бізнэс. За гэта кіроўцаў штрафуюць на суму да 100 базавых адзінак (цяпер 3700 рублёў), таксама могуць канфіскаваць увесь прыбытак ад такой дзейнасці і «сродак учынення правапарушэння», гэта значыць, аўтамабіль. Пасля канфіскацыі аўтамабіля транспартнай інспекцыяй яго вязуць на штрафстаянку, і далейшы лёс аўто вызначае суд.

За апошнія дні толькі ў Менску і Менскай вобласці забралі 8 таксовак. Часта парушальнікаў ловяць з дапамогай «кантрольнай закупкі»: супрацоўнік транспартнай інспекцыі ў цывільным заказвае аўтамабіль і пасля паездкі і разліку правярае дакументы.

У транспартнай інспекцыі сцвярджаюць, што гэтыя захады працуюць і нелегальных перавозчыкаў стала менш.

Апошнія навіны