З берасцейскага «Дынама» сышоў галоўны трэнер разам са штабам
- 19.09.2023, 20:18
Кантракты скасаваныя «паводле дамовы бакоў».
З берасцейскага «Дынама» сышоў галоўны трэнер разам са штабам. Кантракты з Аляксандрам Юрэвічам і ягонымі памочнікамі Сяргеем Нікіфарэнкам, Вадзімам Ласоўскім і Аляксандрам Валадзько скасаваныя «паводле згоды бакоў», паведамляе ў аўторак клубная прэс-служба.
Юрэвіч стаў галоўным трэнерам дынамаўцаў у красавіку, ужо пасля таго, як каманда няўдала стартавала ў футбольным першынстве Беларусі. Цяпер яна займае 10-е месца. За гэты час ва ўсіх турнірах «Дынама» згуляла 18 матчаў: 7 перамог, 2 нічые і 9 паразаў. У апошнім паядынку ў чэмпіянаце была дамашняя нічыя з «Нафтанам» (2:2).
Часова абавязкі галоўнага трэнера выконвае Андрэй Чалмадзееў, які раней трэніраваў склад дублёраў.