BE RU EN

Стала вядома, як Домрачава і Б'ёрндален назвалі сваю другую дачку

Роды праходзілі ў Менску.

Два месяцы таму беларуская біятланістка Дар'я Домрачава нарадзіла другую дачку. Блізкія спартоўкі распавялі «Народнай волі», як назвалі дзяўчынку і чым цяпер займаецца чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка.

17 ліпеня Дар'я Домрачава ў сацсетках паведаміла аб з'яўленні на свет яе другой дачкі. Роды праходзілі ў Менску, куды Дар'я прыехала ў адпачынак разам з мужам, васьміразовым алімпійскім чэмпіёнам у біятлоне Уле Эйнарам Б'ёрндаленам. Тады яна не назвала імя дзіцяці, а Б'ёрндален распавёў, што муж і жонка выбіраюць з мноства варыянтаў.

Са слоў маці біятланісткі Ларысы Домрачавай, дзяўчынку назвалі Міра.

- Не ведаю, як Даша і Уле Эйнар выбіралі імя, але спыніліся менавіта на гэтым. Па-мойму, вельмі прыгожае, - дадала яна.

Са слоў блізкіх спартоўкі, Домрачава і Б'ёрндален дагэтуль знаходзяцца ў Менску і ўвесь асноўны час прысвячаюць сям'і.

Нагадаем, старэйшую дачку біятланістаў клічуць Ксенія, яна нарадзілася ў 2016 годзе. У пачатку года спартоўка расказала, што жыве ў Манака, дзе дзяўчынка пайшла ў школу, а сама атрымлівае адукацыю па спецыяльнасці «дыеталогія і нутрыцыалогіі».

19 снежня мінулага года нарадзіла дачку яшчэ адна беларуская біятланістка, бронзавая прызёрка чэмпіянату свету 2021 года Ганна Сола. Паводле інфармацыі выдання, дзяўчынку таксама назвалі Міра.

- Я нават і не ведала пра гэта, але, мабыць, імя цяпер папулярнае, - пракаментавала Ларыса Домрачава.

Апошнія навіны