Як цяпер выглядае былы футбаліст берасцейскага «Дынама» Арцём Мілеўскі: заўзятары б'юць трывогу
- 17.09.2023, 12:20
З’явілася відэа, на якім ён падпісвае футболку на дабрачынны аўкцыён.
У сацсетках былога гульца кіеўскага і берасцейскага «Дынама» і нацыянальнай каманды Украіны Арцёма Мілеўскага з'явілася відэа, на якім ён падпісвае футболку на дабрачынны аўкцыён. У каментарах абмяркоўвалі не лот, а вонкавы выгляд футбаліста.
Як заўважыла «Трибуна», на відэа 38-гадовы Мілеўскі, запінаючыся, вымавіў усяго пару слоў і сапраўды выглядаў не найлепшым чынам.
Калі ён падпісваў футболку, то падавалася, што ён за яе трымаецца.
Каментатары хвалююцца за стан спартоўца і прапануюць дапамогу. У гэтых паведамленняў сотні падабаек, сам Мілеўскі на іх ніяк не адрэагаваў.
Пра стан Арцёма Мілеўскага гавораць даўно. На пачатку гэтага года ўкраінскі журналіст Сяргей Балотнікаў расказваў: «Я так разумею, што Мілеўскага вельмі псіхалагічна падбіла вайна. Ён нічога не хоча. Мне падаецца, у яго прафесійная дэпрэсія. Ён не можа сябе рэалізаваць у цяперашніх варунках».
У тым жа ключы выказваўся спартовы каментатар Раман Бебех: «Я з Мілеўскім размаўляў – на яго моцна паўплывала вайна, калі ён убачыў, як бамбуюць, як паміраюць людзі. Ён не жадае здымаць кантэнт, мяркуе, што [цяпер] гэта не важна. Ён толькі адыходзіў ад заканчэння кар'еры, пачалася вайна - і гэта яшчэ больш яго зацягнула ў дэпрэсіўны стан. На яго ўплывае ўсё: што прылятае з ягонай роднай краіны, што бацькі не разумеюць». Відавочна, сітуацыю Арцём топіць у алкаголі - у не самым прывабным выглядзе ўжо трапляў у некалькі лакальных канфліктаў.
Арцём Мілеўскі нарадзіўся ў Менску, але ў юнацкім узросце пераехаў у Кіеў і заявіў аб жаданні гуляць за Украіну. Гэта выклікала вялікі скандал і неадназначную рэпутацыю ў футбольных колах. Чатырохразовы чэмпіён Украіны, удзельнік чэмпіянату свету ў футболе. У канцы кар'еры вярнуўся ў Беларусь, дзе ў складзе берасцейскага «Дынама» перамог у чэмпіянаце і кубку краіны.
Уважаўся за вялікі талент, які не здолеў рэалізаваць. Удзельнік шматлікіх скандалаў. Цяпер футбаліст прадае рэкламу ў сацсетках.