Украінец упершыню ў гісторыі падпісаў пагадненне з камандай «Формулы-1»
- 12.09.2023, 20:59
14-гадовы Аляксандр Бондараў далучыўся да прафесійнай гоначнай акадэміі Williams Racing.
Гістарычная падзея ў Формуле-1. Каманда «каралеўскай гонкі» ўпершыню падпісала кантракт з прадстаўніком Украіны.
На 14-гадовага картынгіста Аляксандра Бондарава звярнула ўвагу легендарная стайня Williams. Наш суайчыннік падпісаў з брытанцамі дамову і далучыўся да іх прафесійнай гоначнай акадэміі Williams Racing. Партнёрам гоншчыка выступіў дабрачынны фонд Favbet Foundation.
«Маю гонар далучыцца да Гоначнай акадэміі Williams. Williams Racing адна з самых вядомых камандаў у аўтаспорце, якая аб'ядноўвае адных з найлепшых пілотаў у спартовай гонцы. Для мяне гонар атрымаць шанец стаць часткай гэтай гісторыі. З пяці гадоў, калі я пачаў займацца картынгам, я марыў пра Формулу-1. У мяне, вядома, мае быць яшчэ доўгі шлях, але гэта велізарны крок. Заўсёды ведаў, што ўдзел у праграме для маладых пілотаў “Формулы-1” мае важнае значэнне, і я буду ўпарта працаваць, каб апраўдаць давер, які Джэймс і Свен выказалі мне», – падзяліўся ўражаннямі Аляксандр.
Мы рады паведаміць, што Аляксандр далучыўся да Гоначнай Акадэміі Williams. Ён – каштоўны малады талент, за якім мы назіралі некаторы час. У свае 14 гадоў ён ужо мае некалькі выключных дасягненняў, у тым ліку перамогу на Чэмпіянаце Еўропы FIA-CIK у 2023 годзе. Аляксандр прадэманстраваў вялікі патэнцыял у раннім узросце, і мы з нецярпеннем чакаем падтрымкі ягонага развіцця, пакуль ён прадаўжае свой шлях у картынгу», – пракаментаваў падпісанне кантракту з украінцам спартовы дырэктар Williams Racing Свен Смітс.
Нагадаем, Williams – легендарная незалежная брытанская каманда Формулы-1, заснаваная ў 1970-я гады. У складзе каманды выступала шмат легендаў аўтаспорту, сярод якіх Айртан Сена, Ален Прост, Найджэл Мэнсел, Дэйман Хіл, Алан Джонс, Кеё Росберг, Нэльсан Піке.
Акадэмія Williams Racing была заснаваная для развіцця маладых гоншчыкаў, канчатковая мэта – траплянне ў асноўны склад каманды «Формулы-1». Менавіта такім шляхам прайшоў нядаўні выпускнік акадэміі Логан Сарджэнт, які ўжо дэбютаваў у каралеўскай гонцы гэтага сезону.