Алена Леўчанка прэзентавала свой першы буйны праект у Nike
- 11.09.2023, 19:38
Адна з найлепшых баскетбалістак у гісторыі Беларусі ў жніўні 2020 года актыўна падтрымлівала пратэсты.
Адна з найлепшых баскетбалістак у гісторыі Беларусі Алена Леўчанка скончыла кар'еру ў лістападзе мінулага года, а ўжо праз тры месяцы паведаміла, што пераехала ў Лос-Анджэлес і ўладкавалася на працу ў Nike. На якой пасадзе беларуска там працуе, дакладна невядома, але 11 верасня ў сваім інстаграме былая спартоўка паказала свой першы буйны праект у кампаніі. Яго паказалі на Тыдні мод у Нью-Ёрку, піша «Трибуна».
Праект Леўчанкі паказалі на Тыдні мод у Нью-Ёрку ў траўні.
«Мой першы і самы вялікі праект у кампаніі! Гэты лук проста ўнікальны!», - распавяла Леўчанка ў сторыз інстаграма.
Працавала Леўчанка з даволі вядомай у модным свеце дызайнеркай Кім Шуі. Яе прыхільніцай з'яўляецца, напрыклад, папулярная брытанская поп-спявачка Dua Lipa — фанатка «Ліверпуля», якая ў 2018-м выступала на цырымоніі адкрыцця фіналу Лігі чэмпіёнаў у Кіеве і якой прыпісваюць раман з тады яшчэ паўабаронцам «Рэала» Марка Асэнсіё.
«Паколькі ўчора ўвечары я была на паказе Кім, проста хацела расказаць, як Nike падтрымлівае дызайнераў і стварае калабарацыі/індывідуальныя праявы для сваіх спартоўцаў і інфлюэнсераў», – напісала Леўчанка.
«Раней у гэтым сезоне мы працавалі з ёй над стварэннем выявы WNBA для нашых спартоўцаў Nike. Мы даслалі ёй онлайн-асартымент, і сваімі рукамі яна стварыла гэты непаўторны вобраз», - кажа яна пра Кім Шуі.
Таксама Леўчанка ў сторыз распавяла, што заўсёды марыла займацца модай:
«Я люблю моду, і менавіта так я магу свабодна выказваць сябе. Заўсёды хацела атрымаць спецыяльнасць «Дызайн адзення», на жаль, не атрымалася. Але мяне вельмі натхняе быць тут падчас Тыдня моды ў Нью-Ёрку і бачыць, як гэтае чараўніцтва моды адбываецца насамрэч!»