BE RU EN

У дзень візіту Зяленскага расейцы адкрылі агонь па цэнтры Херсона

  • 8.06.2023, 15:19

Пад абстрэл патрапілі месцы эвакуацыі людзей.

Расейскія акупанты абстрэльваюць Херсон. Вораг адкрыў агонь па месце ў той час, калі ў ім праводзіцца эвакуацыя з затопленых абшараў.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram-канал кіраўніка Херсонскай АВА Аляксандра Пракудзіна.

«Акупанты б'юць па прыбярэжных тэрыторыях і цэнтральнай частцы места», - напісаў Пракудзін.

Між тым кіраўнік Сядзібы прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак нагадаў, што ў Херсоне ідзе эвакуацыя.

«Працягваецца эвакуацыя людзей, а тым часам расейцы абстрэльваюць Херсон. Звычайныя тэрарысты», - піша Ярмак.

У сваю чаргу кадры з месца абстрэлу апублікавалі журналісты "Грат", якія трапілі пад варожы абстрэл. Яны паведамляюць, што пад атаку патрапіў абшар Карабельнай плошчы.

Ёсць пацярпелыя

Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны, акупанты б'юць па месцах эвакуацыі людзей.

«Цяпер вядома пра сама меней трох пацярпелых: цывільную жанчыну, паліцыянта і ратавальніка. Усім даецца неабходная дапамога. Адзначана, што абстрэл пачаўся менавіта падчас эвакуацыі грамадзян, чые дамы былі падтопленыя», - інфармуюць у МУС.

Пад абстрэл трапіла школа ў Алешках

У часова акупаваных Алешках пад варожы агонь трапіла школа, дзе збіраліся людзі з затопленых дамоў.

«Кагадзе оркі абстралялі будынак школы, дзе збіраліся людзі з затопленых дамоў», - напісаў мэр Алешак Яўген Рышчук.

Эвакуацыя ў Херсоне

Адзначым, што ў Херсоне працягваецца эвакуацыя людзей, якія апынуліся ў зоне падтаплення. І варта заўважыць, што рэгіён апынуўся ў зоне бедства праз тое, што расейскія акупанты падарвалі дамбу Кахоўскай ГЭС.

Паводле апошніх звестак, ужо выпала вывезці 2198 чалавек з зоны падтаплення.

Зяленскі ў Херсоне

Нагадаем, што сёння прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў з працоўным візітам у Херсонскую вобласць, дзе правёў каардынацыйную нараду аб ліквідацыі наступстваў падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС.

Таксама Зяленскі ў Херсоне наведаў пераправу, на якой праводзіцца эвакуацыя насельніцтва з падтопленых тэрыторый.

Апошнія навіны