BE RU EN

Сабаленка не пайшла на брыфінг на «Ралан Гарос» праз пытанні аб Украіне

  • 2.06.2023, 20:24

Тэнісістка непакоіцца за сваё «псіхічнае здароўе і дабрабыт».

Другая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка адмовілася ад правядзення традыцыйнай прэс-канферэнцыі пасля матчу трэцяга кола на «Ралан Гарос» з прычыны непакою за сваё «псіхічнае здароўе і дабрабыт». Пра гэта паведамляе ВВС.

Яна адзначыла, што не адчувала сябе ў бяспецы падчас прэс-канферэнцыі два дні таму. «Я павінна адчуваць сябе ў бяспецы, калі пасля матчаў буду даваць інтэрв'ю журналістам», – сказала Сабаленка ў пятніцу.

Пасля матчу трэцяга кола замест звычайнай прэс-канферэнцыі, адкрытай для ўсіх журналістаў, Сабаленка паразмаўляла з невялікай групай супрацоўнікаў СМІ, адабранай арганізатарамі турніру. «Для майго ўласнага псіхічнага здароўя і дабрабыту я пастанавіла сёння выйсці з гэтай сітуацыі, і арганізатары турніру падтрымалі мяне ў гэтай пастанове», – адзначыла беларуска.

Прэс-сакратарка «Ралан Гарос» заявіла, што турнір падтрымаў просьбу Сабаленкі не праводзіць адкрытую прэс-канферэнцыю, дадаўшы, што яна чакае, што тэнісістка будзе іх зноў праводзіць у будучыні.

У пятніцу ў трэцім коле Сабаленка перамагла расейку Камілу Рахімаву з лікам 6:2, 6:2. У наступным матчы беларуска згуляе супраць пераможцы пары Слоан Стывенс (ЗША) – Юлія Пуцінцава (Казахстан).

Апошнія навіны