BE RU EN

Прэзідэнт Польшчы падпісаў закон аб барацьбе з расейскім уплывам

  • 29.05.2023, 18:13

У Польшчы створаць адмысловую камісію, якая будзе вывучаць уплыў РФ на бяспеку ў краіне за апошнія 15 гадоў.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў панядзелак, 29 траўня, падпісаў закон аб заснаванні камісіі, якая будзе вывучаць уплыў Расеі на бяспеку ў рэспубліцы ў апошнія 15 гадоў. Прадугледжваецца, што камісія будзе расследаваць «дзейнасць дзяржаўных службовых асоб і кіраўнікоў вышэйшага звяна ў перыяд з 2007 да 2022 гадоў, якія маглі знаходзіцца пад уплывам Расеі і дзейнічаць на шкоду рэспубліцы».

У камісію ўвойдуць дзевяць чалавек, якіх будзе прызначаць і адхіляць Сойм. Ёй надаюцца паўнамоцтвы пракуратуры і суда. Камісія зможа накладаць пакаранне на чыноўнікаў, у тым ліку адхіляць іх ад палітычных пасад на 10 гадоў.

Анджэй Дуда ўпэўнены, што «неабходна вывучаць расейскі ўплыў не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім Еўразвязе». Ён папрасіў прэм'ер-міністра Матэвуша Маравецкага ўзняць гэтае пытанне ў Еўрапейскай радзе.

Паводле слоў прэзідэнта Польшчы, такая камісія на еўрапейскім узроўні павінна разглядаць «пытанні расейскага ўплыву, расейскага лабіявання, расейскіх грошай», якія маглі б мець месца ў розных інстытутах Еўропы.

Дуда мяркуе, што расейскі ўплыў у Еўразвязе мог прысутнічаць пры прыняцці пастановы аб будаўніцтве газаправода «Паўночны струмень».

Апошнія навіны