BE RU EN

Украінская тэнісістка паставіла на месца Сабаленку

  • 28.05.2023, 17:09

Марта Касцюк не вытрымала праз слізкую пазіцыю беларускі наконт вайны ва Украіне.

Перад гульнёй украінская тэнісістка Марта Касцюк і беларуска Арына Сабаленка ўчынілі слоўную сварку. Сабаленка заявіла, што Касцюк яе ненавідзіць праз тое, што яна адмаўляецца паціскаць руку. Зрэшты, Марта адказала Арыне, растлумачыўшы сваю пазіцыю.

Сабаленку перад матчам з украінкай у першым коле асноўнай сеткі турніру «Ралан Гарос», які цяпер праходзіць у Францыі, спыталі, як яна ставіцца да таго, што ўкраінка не мерыцца паціскаць ёй руку. Яна адказала так:

«Я не хачу марнаваць сваю энэргію на такія рэчы. То бок, гэта не мой клопат. Калі яна мяне ненавідзіць, добра, я нічога не магу з гэтым зрабіць. Будуць людзі, якія мяне любяць, будуць людзі, якія мяне ненавідзяць. Калі яна мяне ненавідзіць, я да яе нічога такога не адчуваю», - сказала Сабаленка.

Пра гэтыя словы задалі пытанне ўжо ейнай апанентцы, і Марта Касцюк таксама патлумачыла сваю пазіцыю.

«Я ніколі не казала, што ненавіджу яе. Нават не ведаю, як гэта каментаваць. Я не магу адчуваць павагу да ейнага выбару далей ездзіць у Расею, трэнавацца там, размаўляць з расейскай прэсай. Не вывозіць сям'ю з дзяржаў-агрэсараў, маючы дастатковыя фінансавыя магчымасці для гэтага. Я б не змагла згадзіцца сама з сабой, калі мая краіна такое робіць, а я застаюся там. Асабіста для мяне занятак тэнісам - гэта магчымасць нешта змяніць да лепшага. Сабаленка пасля гэтага турніру можа стаць першым нумарам у такім папулярным спорце. Маючы такую вялікую аўдыторыю, такі ўплыў у свеце, яна ад яго адмаўляецца.

Мы ж гаворым пра тое, што людзей забіваюць, а чуем у адказ, што трэба пакінуць спорт па-за палітыкай. Але калі вайна прыходзіць у твой дом, яна не выбірае, спартовец ты або не. Гэта не палітыка! Усе мы ведаем, як Расея і Беларусь ваююць супраць Украіны, як расстрэльваюць цывільнае насельніцтва, як палоняць цывільных асоб, крадуць рэчы з дамоў, гвалцяць дзяцей, вывозяць іх з Украіны. Гэта генацыд украінскага народа, гэта не палітыка. Увогуле, я не маю нянавісці ні да каго з гульцоў з дзяржаў-агрэсараў. Я проста іх не паважаю», - адказала Касцюк.

Нагадаем, што Сабаленка не наважылася публічна асудзіць рэжым Лукашэнкі за дапамогу Расеі ў вайне супраць Украіны. Яна выступала з заклікам "Не вайне", але пры гэтым дзівілася, што пра вайну трэба гаварыць.

«Гэта сапраўды жахліва, бо ніхто не падтрымлівае вайну. Ніхто. Праблема ў тым, што мы павінны гаварыць пра гэта ўголас… Але чаму мы павінны крычаць пра гэта на кожным кроку? Гэта зусім не дапаможа. Мы не кантралюем гэтую сітуацыю. Я проста разумею, што гэта не мая віна. Ад мяне нічога не залежыць», - заяўляла Сабаленка.

Не варта здзіўляцца такой пазіцыі ад спартоўкі, якая ў 2020 годзе падтрымала Аляксандра Лукашэнку ў крывавым разгоне антыўладных мітынгаў. Цікава, што Арына часта рыхтуецца да турніраў у Расеі, хаця сама жыве ў Маямі (ЗША).

Варта адзначыць, што сябрам Арыны з'яўляецца хакеіст Канстанцін Кальцоў. Ён таксама падтрымліваў рэжым Лукашэнкі, а ў 2022 годзе выступіў з падтрымкай вайны ва Украіне.

Сабаленка абгуляла Касцюк і ў 1/32 фіналу "Ралан Гарос" сустрэнецца з беларускай Ірынай Шымановіч, якая перамагла вугорку Панну Удвардзі.

Апошнія навіны