BE RU EN

У Мексіцы актывізаваўся небяспечны вулкан

  • 23.05.2023, 19:08

Тры мільёны чалавек рыхтуюцца да магчымай эвакуацыі.

У Мексіцы ўзрасла актыўнасць самага небяспечнага дзейнага вулкана краіны Папакатэпетль. Ён з мінулага тыдня вывяргае попел на некалькі найбліжэйшых гарадоў, паведамляе CNN 22 траўня.

Амаль 25 млн чалавек жывуць у радыусе 60 міль (амаль 100 км) ад вулкана. У нядзелю Нацыянальная каардынацыя грамадзянскай абароны падвысіла ўзровень вулканічнай пагрозы да «жоўтай фазы 3», якая заклікае амаль 3 млн чалавек, якія пражываюць у гарадах і вёсках, прылеглых да вулкана, захоўваць пільнасць і рыхтавацца да магчымай эвакуацыі.

Жыхароў некалькіх найбліжэйшых гарадоў папярэдзілі аб узмацненні вулканічнай актыўнасці і распаўсюджванні попелу з высокай хуткасцю. Ім рэкамендавалі пазбягаць актыўнага адпачынку.

Попел вулкана ўжо прывёў да затрымкі рэйсаў у Мехіка і прымусіў улады закрыць школы ў дзясятках муніцыпалітэтаў. Заняткі часова будуць праводзіцца дыстанцыйна.

Вулкан Папакатэпетль знаходзіцца за 72 км на паўднёвы ўсход ад сталіцы Мехіка. Ён бяздзейнічаў дзесяцігоддзямі, пакуль не адбылося вывяржэнне ў 1994 годзе. З таго часу ён рэгулярна праяўляе актыўнасць, адзначае CNN.

Апошнія навіны