BE RU EN

Сі Цзіньпін адвёў Пуціну зневажальную ролю

  • 2.04.2023, 10:35

Кіраўнік РФ танна паступіўся суверэнітэтам.

Візіт кітайскага лідара Сі Цзіньпіна ў Маскву вельмі «напружыў» ЗША і ўвесь калектыўны Захад, бо сведчыць, што Кітай пачынае рухацца да наступнага перадзелу свету, уважае выканаўчы дырэктар Украінскага інстытута будучыні і дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка. Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв'ю галоўнай рэдактарцы інтэрнэт-выдання gordonua.com Алесі Бацман.

З ягоных слоў, пасля паездкі Сі Цзіньпіна стала зразумела, «асабліва па вельмі балючай і напружанай рэакцыі з Вашынгтона», што гэты візіт «вельмі напружыў Вашынгтон, вельмі напружыў усе сталіцы так званага калектыўнага Захаду», і свет будзе рыхтавацца да больш глабальных войн, чым вайна Украіны і Расеі.

Дзенісенка растлумачыў, што, ацэньваючы наступствы гэтай падзеі, трэба глядзець на дзве рэчы: першая - гэта дачыненні Расеі і Кітая, другая - гэта глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая.

«Перш за ўсё гэта быў палітычны жэст, накіраваны Злучаным Штатам Амерыкі... Некалькі месяцаў таму Сі Цзіньпін сказаў, што свет рухаецца да біпалярнага свету, дзе будзе два полюсы: адзін называецца «Кітай», а другі называецца «Вашынгтон». І дэ-факта гэта азначае тое, што ён прапануе рухацца да Ялцінскіх дамоўленасцяў - 2, гэта значыць да наступнага перадзелу свету. І ў гэтым выпадку візіт у Маскву паказаў, што Сі Цзіньпін пачынае рухацца ў гэтым кірунку», – уважае Дзенісенка.

Ён звярнуў увагу, што гэты візіт прайшоў на фоне дыпламатычнай перамогі КНР на Блізкім Усходзе, дзе менавіта дзякуючы Кітаю ўдалося дамовіцца аб прымірэнні паміж Іранам і Савудаўскай Арабіяй.

«Калі казаць пра восі, магчыма, скажам так, вось Савудаўская Арабія – Кітай – Расея – гэта сапраўды становіцца дастаткова сур'ёзнай, значнай праблематыкай для ЗША... Гэта быў вялізны ўдар для ЗША і асабліва для Ізраіля. Таму што Ізраіль усё ж меркаваў, што саудыты дапамогуць ім ваяваць супраць Ірана... Гэта вялікая дыпламатычная перамога Кітая на Блізкім Усходзе, дзе ён становіцца сур'ёзным гульцом, якім ён ніколі не быў увогуле на гэтых тэрыторыях», – падкрэсліў экспэрт.

Пры гэтым, паводле яго ацэнкі, зайшоўшы ў Расею, Сі Цзіньпін «атрымаў усё, што толькі мог захацець» ад прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

«[Якую ролю ў гэтым новым перадзеле свету Сі Цзіньпін адводзіць Расеі?] Слабага, кантраляванага, тэхналагічна і эканамічна залежнага васала Кітайскай Народнай Рэспублікі», - адзначыў Дзенісенка.

На яго думку, калі прааналізаваць падпісаныя ў Маскве дамоўленасці, РФ ад сустрэчы не атрымала нічога, акрамя верагодна палітычных і фізічных гарантый бяспекі Пуціна на найбліжэйшы час.

Па выразе дарадцы кіраўніка МУС Украіны, Пуцін, па сутнасці, «прамяняў васалітэт на ўласную персанальную бяспеку».

Апошнія навіны