BE RU EN

Эрдаган зацвердзіў пастанову парламента Турцыі, што дае «зялёнае святло» для ўступлення Фінляндыі ў NATO

  • 1.04.2023, 15:53

Працэс фіналізацыі пастановы быў амаль вокамгненным.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган зацвердзіў пастанову парламента аб ратыфікацыі пратакола пра ўступленне Фінляндыі ў NATO. Як паведамляе «Еўрапейская праўда», апублікаваны ў Афіцыйнай газеце дакумент заўважылі фінскія СМІ.

1 красавіка сярод шэрагу дакументаў, якія апублікавалі ў Афіцыйнай газеце, першым стаіць закон аб зацвярджэнні пратакола пра ўступленне Фінляндыі ў Паўночнаатлантычны альянс.

Як адзначае Yle, працэс фіналізацыі пастановы быў амаль «маланкавым». Для параўнання, калі ў NATO прымалі Паўночную Македонію, то пасля пастановы парламента да моманту зацвярджэння прэзідэнтам прайшло два тыдні.

Апошнім фармальным крокам, які паставіць кропку ў працэдуры ратыфікацыі, будзе дастаўка дакументаў у Вашынгтон.

Нагадаем, парламент Турцыі аднагалосна ўзгадніў уступленне Фінляндыі ў NATO ў ноч на 31 сакавіка. Генеральны сакратар Енс Столтэнберг пасля таго заявіў, што Фінляндыя афіцыйна стане чальцом NATO ў найбліжэйшыя дні.

У той самы час перспектывы ўступлення Швэцыі, якая да гэтага часу чакае згоды Вугоршчыны і Турцыі, сталі яшчэ больш нявызначанымі. У Стакгольме ўжо не ўпэўненыя, што змогуць закончыць працэс уступлення да саміту NATO ў Вільні.

Апошнія навіны