BE RU EN

Новыя еўрасанкцыі супраць Менска затрымаліся, нягледзячы на заявы пра расейскую ядзерную зброю

  • 1.04.2023, 15:45

На фоне гэтага прэзідэнт Літвы зрабіў заяву.

Крыніцы Еўрапейскага рэдактара «Радыё Свабода» Рыкарда Юзвяка ў Брусэлі, якія заслугоўваюць даверу, паведамілі, што дыскусій наконт новых санкцыяў ЕЗ супраць афіцыйнага Менска пасля заявы Пуціна аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі пакуль няма.

Паводле словаў крыніцаў Рыкарда Юзвяка, амбасадары Еўразвязу абмяркоўвалі санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўчора, 30 сакавіка, але пакуль дыскусіі спыніліся на пытанні магчымасці скасавання санкцый супраць беларускіх калійных угнаенняў, і вызначэнне гэтага пытання таксама не рухаецца.

Што да санкцый у сувязі з магчымым размяшчэннем у Беларусі ядзернай зброі, новых прапановаў пакуль не паступала, паведаміў Юзвяк Свабодзе.

Цяпер шэраг еўрапейскіх краінаў спрабуе пераканаць Еўракамісію ў неабходнасці аслабіць санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Менска, сярод іншага зняць іх з вытворцаў угнаенняў.

Паводле інфармацыі Рыкарда Юзвяка, за вывад беларускіх калійных угнаенняў з-пад санкцый выступаюць заходнееўрапейскія краіны – Партугалія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя. Прапануецца ўнесці Беларусь нароўні з Расеяй у пункт санкцый, які ў якасці выключэння дае магчымасць перавозіць угнаенні ў трэція краіны ў тым выпадку, калі іх будуць выкарыстоўваць для вырошчвання прадуктаў харчавання.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа нядаўна заявіў, што Літва «не паддасца ціску з мэтай змякчэння санкцый супраць беларускага рэжыму», і дадаў, што супраць паслаблення санкцый выступаюць таксама краіны Паўночнай Еўропы і балтыйскія суседзі Літвы.

Апошнія навіны