BE RU EN

Расею хочуць выгнаць з Рады бяспекі ААН: Унесеная рэзалюцыя

  • 1.04.2023, 10:05

З ініцыятывай выступілі два ўплывовыя кангрэсмэны ЗША.

Два ўплывовыя кангрэсмэны ЗША ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый ЗША, прадстаўнікі так званай Хельсінскай камісіі Джо Уілсан і Стыў Коэн ініцыявалі працэс выгнання Расеі з Рады бяспекі ААН.

Пра гэта Уілсан паведаміў на сваёй афіцыйнай старонцы ў Twitter 1 красавіка.

«Расея здзейсніла масавыя зверствы на Украіне і таму паводле вызначэння не адпавядае патрабаванням сяброўства ў Радзе Бяспекі ААН. Мы з Коэнам падалі рэзалюцыю аб выключэнні Расеі з РБ ААН», – напісаў амерыканскі кангрэсмэн.

Ён таксама абнародаваў урывак рэзалюцыі. У ім гаворыцца, што Расея, ведучы агрэсіўную захопніцкую вайну супраць суседняй краіны, парушае прынцыпы ААН.

Узгадалі кангрэсмэны тое, што расейская агрэсія накіраваная ў асноўным на цывільнае насельніцтва Украіны, зафіксаваныя масавыя факты выкарыстання расейцамі ў дачыненні да ўкраінцаў забойстваў, катаванняў, сэксуальнага гвалту, дэпартацыі, у тым ліку, дзяцей.

Уілсан з Коэнам у сваёй рэзалюцыі таксама звярнулі ўвагу на рост градусу ядзерных пагрозаў з боку Масквы. Такія абуральныя паводзіны РФ, упэўненыя кангрэсмэны ЗША, з'яўляюцца падставай для выключэння Расеі з РБ ААН.

Адзначым, што ад сёння, з 1 красавіка 2023 года Расея будзе старшыняваць у Радзе бяспекі ААН. Узначальваць арганізацыю краіна-агрэсарка будзе роўна месяц у рамках планавай ратацыі. Кіеў і ягоныя хаўруснікі мяркуюць, што гэта недапушчальна.

Апошнія навіны