BE RU EN

Няфёдавай, якая плакала перад Лукашэнкам, так і не знайшлі актораў у Купалаўскі тэатр

  • 8.03.2023, 10:22

У выніку іх запрасілі з Расеі.

3 сакавіка 2021 года Купалаўскі тэатр аднавіў сваю дзейнасць пасля перапынку, звязанага са звальненнем амаль усёй трупы. З таго часу прайшло два гады, але новае кіраўніцтва далей скардзіцца на нястачу актораў. Пра гэта ў інтэрвію газеце "Культура" заявіла акторка Вольга Няфёдава.

«Нам па-ранейшаму не стае актораў. …>. Адчуваем патрэбу ў артыстах ад 30 да 60 гадоў. Асноўныя дзейныя асобы ўсёй сусветнай драматургіі належаць менавіта да названага пакалення. Мы збіраем калектыў пакрысе, і для таго трэба шмат часу — каб у тэатры былі найлепшыя як талентам, так і душэўнымі якасцямі», — заявіла Вольга Няфёдава.

«Самае важнае патрабаванне да кандыдатаў — талент, бо Купалаўскі тэатр заўсёды (і 100 гадоў таму, і цяпер) вылучаецца прафесійным акторскім складам. Яшчэ адзін важны крытэр пры даборы ў трупу — душэўныя якасці, што адпавядаюць пачэснаму імені Чалавек. Нізкіх і злосных людзей сцэна не прымае, адштурхоўвае. Таксама мы карыстаемся дапамогай актораў з іншых труп, якія з'яўляюцца патрыётамі і сапраўды любяць тэатр», — дадала акторка, якая стала мастацкай кіраўніцай тэатра.

Настойлівыя пошукі выканаўцаў доўжацца ўжо два гады. У трупе засталося толькі дзевяць актораў са старога складу. Праўда, пяць з іх маюць адну або дзве ролі ў рэпертуары. Сярод гэтай пяцёркі - і Вольга Няфёдава. На сустрэчы з Лукашэнкам у лютым 2021-га яна плакала, успамінаючы ягоны выхад з аўтаматам падчас пратэстаў-2020. А ў сакавіку атрымаў медаль Францішка Скарыны, у верасні — стаў заслужанай артысткай Беларусі. У чэрвені 2021-га яна выступіла на адкрыцці алкагольнай крамы ў Маладзечне.

Але пра якіх актораў з іншых труп гаворыць Няфёдава? У 2021-м праз кастынгі ў трупу сталі набіраць новых актораў. Частка сярод іх з'яўляліся прафесіяналамі (у тым ліку, з тэатраў Бабруйска і Пінска), астатнія - студэнтамі. Але з таго часу адбылося ўжо як мінімум восем кастынгаў. Актораў з іншых беларускіх тэатраў у трупу Купалаўскага не бралі.

Высветлілася, што ў Менск, не знайшоўшы беларускіх выканаўцаў, паклікалі актораў з суседняй Расеі. Гэта выпускнікі маскоўскага ГІТІС, а таксама экс-студэнты маскоўскага Інстытута сучаснага мастацтва. Пра іхнюю работу яшчэ ў лістападзе 2022-га згадвала дзяржаўная прэса. У сваіх расейскіх установах яны, вядома, не вывучалі беларускую мову. Таму для іх у Купалаўскім ставяць пластычныя спектаклі без слоў (напрыклад, сярод апошніх, "Наш космас").

Апошнія навіны