У Расеі ўвялі лічбавыя позвы
- 31.03.2023, 16:39
Расейцам забаранілі выдаляць старонку ў сэрвісе «Дзяржпаслугі».
У Расеі пастанавілі ўвесці лічбавыя позвы ў рамках вясновага прызыву на тэрміновую службу ў войску. Пра гэта заявіў прадстаўнік Генштаба Узброеных сіл РФ Уладзімір Цімплянскі.
- Супрацоўнікам вайсковых камісарыятаў пастаўленая задача падчас падрыхтоўкі да вясенняй прызыўной кампаніі, якая пачынаецца з 1 красавіка, апавяшчэнне грамадзян ажыццяўляць у электронным выглядзе, - сказаў ён.
З яго слоў, у расейскага Мінабароны ўжо ёсць адзіная электронная база звестак прызыўнікоў. Пры гэтым у тых выпадках, калі даслаць «лічбавую позву» не будзе тэхнічнай магчымасці, яе будуць перадаваць звычайным спосабам.
Тым часам з расейскага электроннага сэрвісу «Дзяржпаслугі» ўжо знікла магчымасць выдалення ўліковага запісу. Як піша «Медуза», адпаведная кнопка знікла з меню ў ПК-версіі сайта, а ў мабільным дадатку пры спробе ёю скарыстацца з’яўляецца апавяшчэнне «функцыя недаступная».
Журналісты таксама заўважылі, што інструкцыя па выдаленні старонкі знікла з раздзелу тэхдапамогі на «Дзяржпаслугах». У тэхпадтрымцы кажуць, што выдаліць старонку можна толькі праз асабісты зварот».
Напярэдадні Пуцін падпісаў указ аб правядзенні вясновага прызыву юнакоў на тэрміновую службу ў войска. Сёлета хочуць адправіць у войска рэкордныя 147 тысяч чалавек.