BE RU EN

Краіны ЕЗ касуюць турніры ў фехтаванні праз дапусканне беларусаў

  • 30.03.2023, 15:52

Дапусканне спартоўцаў з РФ і Беларусі выклікала абурэнне сусветнай супольнасці.

Данія следам за Нямеччынай адмовілася прымаць спаборніцтвы з удзелам спартоўцаў з краін-агрэсараў.

Федэрацыя фехтавання Даніі наважыла скасаваць міжнародны турнір у Капэнгагене дзеля пастановы Міжнароднай федэрацыі фехтавання (FIE) дапусціць расейскіх і беларускіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў.

Як піша ТСН, пра гэта паведаміў кіраўнік арганізацыі Ян Сільвэст Енсэн.

“Мы прыйшлі да высновы, што, на жаль, не можам прымаць гэтыя спаборніцтвы. Мы не можам зрабіць гэта ў цяперашніх варунках, калі да ўдзелу дапусцілі расейскіх і беларускіх спартоўцаў», - цытуе Енсэна выданне BT.

Ён таксама адзначыў, што Данія гатовая да патэнцыйных наступстваў праз адмову прыняць турнір, сярод якіх рызыка страціць права на сталае правядзенне спаборніцтваў.

«Для фехтавальнікаў гэта азначае, што для кваліфікацыі на Алімпіяду ім давядзецца больш ездзіць на іншыя турніры, а гэта будзе прадугледжваць вялікія выдаткі. Для Даніі гэта будзе азначаць рызыку страты далейшых турніраў. Мы рызыкуем больш не прымаць міжнародныя спаборніцтвы ў Даніі на дарослым узроўні», - сказаў Енсэн.

На пачатку сакавіка Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) прыняла пастанову вярнуць расейцаў і беларусаў да міжнародных спаборніцтваў, нягледзячы на поўнамаштабную вайну, якую РФ пры падтрымцы Лукашэнкі далей вядзе ва Украіне.

Гэта выклікала абурэнне сусветнай супольнасці. Праз скасаванне забароны для спартоўцаў краін-агрэсараў Нямеччына адмовілася прымаць Кубак свету ў фехтаванні ў жаночай рапіры, які быў запланаваны на пачатак траўня 2023 года.

Даўней паведамлялася, што на Кубку свету ў фехтаванні ў кітайскім Нанкіне прадстаўнікі FIE забаранілі камандзе Украіны зладзіць акцыю супраць вяртання спартоўцаў з Расеі і Беларусі.

Нагадаем, больш за 300 фехтавальнікаў з розных краін свету заклікалі FIE перагледзець пастанову аб вяртанні да спаборніцтваў спартоўцаў з Расеі і Беларусі.

Апошнія навіны