«Людзі прыязджаюць сюды і маюць шанец на нармальнае жыццё»
- 29.03.2023, 10:40
Прэзідэнт Беластока расказаў аб беларускіх IT-спецыялістах.
Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі 28 сакавіка паўдзельнічаў у адкрыцці офіса брытанскай IT-кампаніі. 170 чалавек з новага офіса - гэта спецыялісты з Беларусі, паведамляе MOST.
На адкрыцці новага офіса Трускаляскі зазначыў, што Беласток адкрыты для новых кампаній, асабліва ў галіне новых тэхналогій. Гэта дае магчымасць стварэння новых працоўных месцаў і ў працаўладкаванні для моладзі. Напрыклад, офіс новай кампаніі [нас прасілі не агучваць назву кампаніі - рэд. MOST] у Беластоку змясціў блізу 170 працоўных месцаў і гэта спецыялісты з Беларусі.
- У Беластоку IT-індустрыя дынамічна развіваецца і становіцца адным з найважнейшых сектараў эканомікі горада. Тут працуе мноства кампаній у гэтай галіне, якія прапануюць розныя паслугі і прадукты, што прыводзіць да рынку працы і стварэння добрых варункаў занятасці для спецыялістаў у гэтай галіне.
- Беласток добра ўспрымаецца замежнымі інвестарамі. Гэта сучасныя кампаніі, у якіх сапраўды ёсць будучыня, бо будучыня праз імгненне. І ў нас дастаткова вялікі IT-кластар. 170 чалавек у Беластоку для новай кампаніі - гэты лічба задавальняе. Гэта гаворыць, што тут таксама ёсць шмат добрых спецыялістаў.
У новым офісе брытанскай кампаніі ў Беластоку працуе вялікая колькасць рэлакантаў з Беларусі. Прэзідэнт горада зазначыў, што ў польскім горадзе чакаюць беларускіх IT-спецыялістаў, але пра колькасць беларусаў занятых у індустрыі, якія для пераезду выбралі Беласток, ён не змог адказаць.
- Няма дакладнай статыстыкі. Сітуацыя такога кшталту, што тэарэтычна мы не маем уцекачоў з Беларусі, але ў школе беларускіх дзяцей у два разы больш, чым украінскіх. Людзі проста прыязджаюць сюды і маюць шанц на нармальнае жыццё. Тут ёсць рыначная эканоміка, няма недахопаў, няма палітычнага пераследу. Гэта вельмі важна. І хацелі б, каб так і надалей было. Яшчэ Беласток добры горад для беларусаў таму, што ён блізка да мяжы, найперш. І калі ў Беларусі сітуацыя будзе добрая, то можна будзе падарожнічаць.
Прэзідэнт горада таксама адзначыў, што Беласток - гэта добрае месца, не толькі для працы, але і для жыцця.
- Добры горад, 300 000 жыхароў, кампактны. Горад 15-хвілінны. Відавочна, на становішча на ўсходзе ёсць спадзяванні. Як толькі скончыцца вайна і нармалізуецца сітуацыя хаця б у Беларусі, то выкарыстоўваем адну з нашых разумных спецыялізацый, як «Brama na wschód».
Трускаляскі дадаў, што ў Польшчы ёсць стэрэатып, што на ўсходзе краіны зарабляюць менш, чым у цэнтральнай частцы: «У нас кошты крыху ніжэйшыя, але калі ўсё збалансаваць, то выдатна».