«Расійскія вайскоўцы ў сподніках выбягалі з гэтага інтэрната»
- 27.03.2023, 12:22
Падрабязнасці ўдару па базе акупантаў у Мелітопалі.
27 сакавіка на тэрыторыі часова акупаванага Мелітопаля раздалося некалькі моцных выбухаў. Таму расейскім захопнікам давялося выбягаць на двор у сподніках.
Як высветлілася, «прыляцела» па будынках, у якіх акупанты абсталявалі так званую «адміністрацыю» спецслужбы «МДБ» і інтэрнат. Пра гэта паведаміў мэр Мелітопаля Іван Фёдараў у эфіры нацыянальнага тэлемарафону, інфармуе 24 канал.
Што вядома пра новую «бавоўну» ў Мелітопалі
Са слоў мэра, у захопленых будынках тэхнікума і ВНУ знаходзіліся казармы і так званая «адміністрацыя» варожай спецслужбы «МДБ».
«Таму сёння раніцай менавіта ў гэтых двух будынках і раздаліся выбухі», - распавёў Фёдараў.
Там быў інтэрнат, дзе жылі расейскія тэрарысты, а таксама офіснае памяшканне, дзе праходзіла службу непасрэднае кіраўніцтва так званага «МДБ».
«Відавочцы бачылі, як проста ў сподніках выбягалі з гэтага інтэрната расейскія вайскоўцы», - адзначыў мэр.
Фёдараў дадаў, што вораг часта прыкрываецца цывільным насельніцтвам або сярод жылых кварталаў размяшчае сваю вайсковую тэхніку і казармы для пражывання вайскоўцаў.
Выбухі ў Мелітопальскім раёне
Дарэчы, у пасёлку Вясёлае Мелітопальскага раёна раніцай 27 сакавіка таксама нешта адбылося на адной з аўтамыек, таксама «нацыяналізаванай» акупантамі, распавёў Фёдараў.
З інфармацыі мясцовых жыхароў, было гучна і ў Токмаку. Цяпер удакладняюць інфармацыю аб стратах, якія панёс вораг.