BE RU EN

Больш за 200 беларускіх суддзяў будзе судзіць міжнародны трыбунал

  • 27.03.2023, 17:07

Літва расследуе злачынствы супраць чалавечнасці ў судах Беларусі.

Літоўскі Цэнтр права і дэмакратыі JusticeHub падрыхтаваў справаздачу «Права на справядлівае судовае разбіральніцтва ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года». Паралельна вядзецца крымінальны працэс аб злачынствах супраць чалавечнасці, і на сённяшні дзень у адмысловай базе каля 200 беларускіх суддзяў, якія могуць быць асуджаныя на падставе прынцыпу міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі. Чаго чакаць беларускім суддзям і як гэта дапаможа іх ахвярам – «Белсат» абмяркоўваем з кіраўніком JusticeHub Дайнюсам Жалімасам.

Справаздача дапаможа скласці новыя санкцыйныя спісы і правесці люстрацыю

Справаздача «Права на справядлівае судовае разбіральніцтва ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года» Літоўскага цэнтру права і дэмакратыі JusticeHub стала першым настолькі падрабязным даследаваннем парушэння правоў чалавека ў беларускіх судах. Пры падрыхтоўцы справаздачы эксперты карысталіся інфармацыяй, якую прадстаўлялі былыя палітвязні, Праваабарончы цэнтр «Вясна», а таксама сценаграмамі аўдыязапісаў судоў, дадзенымі з сістэмы пошуку інфармацыі «Эталон», афіцыйнага Канстытуцыйнага суду Беларусі.

«Гэтая справаздача фіксуе, што суддзі прымалі актыўны ўдзел у спрыянні ажыццяўленню недэмакратычнага рэжыму, накіраванага на масавы напад на грамадзянскае насельніцтва», – сцвярджаюць складальнікі справаздачы.

Эксперты JusticeHub выявілі наступныя парушэнні беларускіх судоў:

- беларускія суддзі не выконваюць прынцып незалежнасці і бесстароннасці

- зафіксаваныя масавыя парушэнні судамі асноўных правоў чалавека

- адсутнасць выканання працэсуальных правоў і права на справядлівы суд

- адсутнасць рэальнай і эфектыўнай магчымасці аспрэчыць рашэнні суда першай інстанцыі

- парушэнне права на публічнае паседжанне

- адсутнасць роўнасці бакоў.

Складальнікі справаздачы кажуць, што яе можна выкарыстоўваць для разгляду справаў у рамках міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі. Таксама на падставе дадзеных, прадстаўленых у справаздачы, могуць быць складзеныя новыя санкцыйныя спісы, у якія ўключаць суддзяў, датычных да рэпрэсіяў супраць беларусаў. Даследаванне можа таксама дапамагчы ў будучай судовай рэформе ў Беларусі, а таксама люстрацыі, бо яно ўтрымлівае прамыя доказы таго, што здзяйсняў той ці іншы суддзя і на падставе чаго ён ці яна больш не могуць займаць падобную пасаду ў будучыні.

Чым міжнародная ўніверсальная юрысдыкцыя дапаможа беларусам?

Што такое – міжнародная ўніверсальная юрысдыкцыя, як яна можа дапамагчы ў аднаўленні справядлівасці ў дачыненні ахвяраў беларускага рэжыму, хто можа ёй скарыстацца – гэтыя пытанні мы задалі кіраўніку JusticeHub Дайнюсу Жалімасу.

– Раскажыце, калі ласка, у чым сутнасць міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі і як гэтай працэдурай сёння могуць скарыстацца беларусы?

– Міжнародная ўніверсальная юрысдыкцыя – гэта прадугледжаная заканадаўствамі розных краін магчымасць падаваць, прымаць заявы і расследаваць крымінальныя справы па асабліва цяжкіх міжнародных злачынствах, сярод якіх – генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці і вайсковыя злачынствы, без прывязкі да месца і часу здзяйснення гэтага злачынства, грамадзянства адказных і пацярпелых. Калі казаць пра Беларусь, то тут мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасці.

Прынцып міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі ўтрымліваецца ў заканадаўствах такіх краін, як Літва, Польшча, Нямеччына, Бельгія, Нідэрланды, Венгрыя і інш.

Паводле гэтага прынцыпу, увосень 2022 года Літва ўзбудзіла крымінальную справу па падзеях у Беларусі пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года. Падставай для адкрыцця справы сталі заявы пацярпелых ад рэжыму, якія знайшлі прытулак, а таксама сваякоў пацярпелых, якія знаходзяцца ў Беларусі за кратамі.

Ахвярам беларускага рэжыму ці іхным сваякам, якія знаходзяцца ў Літве, нашая арганізацыя аказвае юрыдычную дапамогу, каб яны звярнуліся ў літоўскую пракуратуру з заявамі. Гэтыя заявы цяпер уваходзяць у тую агульную крымінальную справу, узбуджаную летась, але калі будзе канкрэтызаваны падазраваны, нейкая справа можа быць асобна выдзеленая, і мы спадзяемся, што такіх справаў будзе шмат.

«У нашай базе больш за 200 суддзяў, і ўсе яны аднойчы адкажуць за пераслед людзей»

– Чаму вы вырашылі заняцца аналізам менавіта судоў у Беларусі?

– Суддзі сёння – адныя з галоўных падазраваных у злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. Суддзі, напэўна, не катуюць людзей наўпрост, але, акрамя катаванняў, ёсць іншыя злачынствы супраць чалавечнасці – пераслед паводле палітычных матываў, па нацыянальнай прыкмеце, незаконнае пазбаўленне волі, але паводле міжнародных стандартаў, а не рэпрэсіўных законаў лукашэнкаўскай сістэмы. Суддзі як раз гэтым усім і займаюцца, калі выносяць прысуды за ўдзел у мітынгах, рознага кшталту публічныя актыўнасці, распаўсюд інфармацыі ў сацсетках, журналісцкую дзейнасць, за іншыя праявы свабоды сама выяўлення.

Усе падобныя справы ў Беларусі праходзяць праз суды, каб стварыць выгляд легітымнасці рэпрэсіяў. Адказнасць суддзяў за гэтыя справы абцяжарвае, што яны як юрысты добра разумеюць, што яны робяць – здзяйсняюць злачынствы, рэалізоўваючы палітыку Лукашэнкі па пераследзе беларускай грамадзянскай супольнасці.

– На якім этапе цяпер знаходзіцца расследаванне злачынстваў суддзяў?

– На стадыі папярэдняга расследавання. І я спадзяюся, што яно распаўсюдзіцца і на іншыя еўрапейскія краіны і будзе весціся не толькі ў Літве. На дадзены момант у нас ёсць дадзеныя на больш чым 200 суддзяў. І я думаю, што некалі яны ўсе адкажуць за пераслед людзей. Некаторыя з іх ужо знаходзяцца ў рознага кшталту міжнародных ці нацыянальных санкцыях, а астатнія – кандыдаты на прымяненне такіх санкцыяў, якія забароняць ім свабодна прыязджаць у краіны Еўразвязу.

Што асабліва важна для будучыні, каб яны ўсе былі вядомымі, каб калі ў Беларусі настане момант дэмакратычных змяненняў, каб у дачыненні да іх прымянялася, акрамя крымінальнай адказнасці, люстрацыя. Такія так званыя суддзі ў дэмакратычнай дзяржаве больш не могуць, не павінны займацца такой дзейнасцю.

«Магчыма, беларускіх суддзяў будзе судзіць міжнародны трыбунал»

– Калі расследаванне будзе завершанае, як будзе выглядаць рашэнне літоўскага суда, вырак у дачыненні гэтых суддзяў?

– Цяпер цяжка сказаць. І тут трэба адзначыць, што хоць нам і вядомыя імёны канкрэтных суддзяў, улічваючы, што мы пачалі працу нядаўна, пакуль няма афіцыйна абвешчаных падазраваных. Але калі яны будуць абвешчаныя ў статусе падазраваных, тады на іх будзе выдадзены ордар на арышт, ён будзе перададзены праз органы Інтэрполу. Іх змогуць арыштаваць у любой краіне. Але нават калі пакуль не арыштуюць, у Літве магчыма асудзіць іх завочна. І ў гэтым выпадку, калі адбудуцца перамены ў Беларусі, матэрыялы могуць быць перададзеныя ў рэфармаваныя органы правасуддзя новай дэмакратычнай Беларусі для разбіральніцтва з імі ўжо там.

Ці іншы варыянт – цяпер як раз абмяркоўваецца думка, што ўсё ж будзе патрэбны спецыяльны міжнародны трыбунал па злачынствах супраць чалавечнасці, і тады беларускіх суддзяў будзе судзіць гэты трыбунал.

Але самае галоўнае, што ўсе гэтыя суддзі, якія выносяць такія прысуды, павінны ведаць, што іхныя дзеянні не застаюцца незаўважанымі, што іхныя прозвішчы вядомыя, і што ў адзін дзень ім прыйдзецца сутыкнуцца з канкрэтнай адказнасцю, і ім не будзе месца ў будучай новай Беларусі, пакуль яны не адбудуць сваё пакаранне.

На жаль, працэс ідзе павольна, і пакуль што шмат пытанняў да органаў правасуддзя не толькі Літвы, але і іншых краінаў – чаму дагэтуль няма ніводнага падазраванага па беларускіх справах, якія яны вядуць? Акрамя Літвы, ёсць яшчэ некалькі дзяржаў, якія пачыналі такія справы ў рамках міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі – Польшча, Чэхія, Нямеччына, але нідзе дагэтуль не назвалі ніводнага падазраванага.

«Рэжым адчувае, што адказнасць будзе, таму і закрывае суды»

– Як вы атрымліваеце інфармацыю? Ці дастаткова яе цяпер?

– З аднаго боку, сабраць доказы злачынстваў суддзяў даволі проста, бо ёсць канкрэтныя дакументы, прысуды, падпісаныя гэтымі суддзямі. Мы атрымліваем гэтую інфармацыю ад Праваабарончага цэнтру «Вясна». Акрамя таго, ёсць і іншыя крыніцы – у Літве знайшлі прытулак некаторыя адвакаты, якіх у Беларусі пазбавілі ліцэнзіі – у іх свае дадзеныя. Таксама нашыя крыніцы – актывісты беларускай грамадзянскай супольнасці і непасрэдна пацярпелыя.

– Ці будзе папоўнены ваш спіс з 200 суддзяў? Бо суды ў Беларусі пакуль не сканчаюцца…

– Так, мы спадзяемся, што ў бліжэйшай будучыні будзем папаўняць спіс. Але праблема ў тым, што апошнім часам стала нашмат складаней атрымліваць дакументальныя доказы прысудаў. Асабліва гэта датычыць тых крымінальных справаў, якія ў парушэнне ўсіх міжнародных стандартаў разглядаюцца ў закрытым рэжыме. Там мы можам атрымаць толькі рэзалютыўную частку прысуду, без матывацыі. І тое нават пераследуюцца людзі, якія гэта некаму перадаюць. Таму са зборам матэрыялаў для папаўнення спісу суддзяў цяпер складаней, чым было раней, калі мы толькі пачыналі. Але гэта, магчыма, яшчэ і таму, што рэжым адчувае, што такія прысуды прывядуць да адказнасці, і таму і закрывае суды, і стараецца зрабіць так, каб было як мага менш доказаў такіх прысудаў.

«Трэба разбірацца, чаму ў ЕЗ прынцып міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі не прынёс ніводнага выраку»

– Ці вядзецца крымінальная справа і супраць беларускіх сілавікоў?

– Тая крымінальная справа, якая была ў нас узбуджаная – агульная. Але першапачатковая яе мэтай было расследаванне катаванняў у Беларусі, і там як раз і ёсць так званыя сілавікі, бо гэта яны адказныя за катаванні. Паколькі следства яшчэ вядзецца, цяпер нельга сказаць, хто канкрэтна ў спісах.

– Ці могуць беларусы звяртацца з заявамі ў пракуратуру на беларускіх сілавікоў і суддзяў не толькі ў Літве, але і ў іншых краі нах Еўразвязу?

– Так, могуць. Але ў розных краінах існуюць свае асаблівасці і далёка не заўсёды гэта простая працэдура. У Польшчы, напрыклад, складаней – прынамсі, яшчэ нядаўна заявы прымалі толькі ад тых, хто меў Карту паляка. У нас жа дастаткова проста знаходзіцца на тэрыторыі Літвы. І хоць ва ўсіх рэзалюцыях Еўразвязу заахвочваецца прымяненне ўніверсальнай юрысдыкцыі, але думаю, павінна стаць прадметам асобнага даследавання пытанне, чаму ў краінах ЕЗ гэтая працэдура пакуль не прынесла ніводнага выніку і дагэтуль няма ніводнага падазраванага, хоць расследаванні вядуцца.

Апошнія навіны