BE RU EN

Ва Украіне назвалі колькасць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі

  • 26.03.2023, 21:40

Частку вайскоўцаў Расея перакінула на ўсход Украіны.

На тэрыторыі Беларусі працягваюцца акцыі баявой падрыхтоўкі падраздзяленняў узброеных сіл РФ. Аднак колькасць расейскіх вайскоўцаў зменшылася да 4000 чалавек. Пра гэта расказаў у эфіры тэлемарафона прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

З ягоных слоў, вайскоўцы РФ на тэрыторыі Беларусі праходзяць навучанне або падрыхтоўку.

«Сітуацыя на мяжы з Беларуссю застаецца цалкам кантраляванай, аднак, на жаль, Беларусь не перастае падтрымліваць дзяржаву-агрэсара ў гэтай поўнамаштабнай вайне. І, уласна, дае сваю тэрыторыю і паветраную прастору для падраздзяленняў Расеі. Цяпер паводле нашых звестак крыху больш за 4000 вайскоўцаў узброеных сіл Расеі знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, але яны збольшага ўцягнутыя альбо ў супольныя вучэнні, альбо ў падрыхтоўку, якая працягваецца на тэрыторыі Беларусі», – паведаміў Дземчанка.

Паводле ягоных слоў, змяншэнне колькасці акупантаў у Беларусі звязана з тым, што падраздзяленні, якія ўжо прайшлі падрыхтоўку на вайсковых базах, Расея вывела з Беларусі, каб перакінуць іх на франты, у тым ліку на гарачыя мясціны на ўсходзе Украіны.

Апошнія навіны