BE RU EN

Лукашысты зладзілі «хапун» у Воршы і Гомелі

  • 23.03.2023, 10:18

Затрыманыя дзясяткі чалавек.

На працягу некалькіх дзён запар аршанская міліцыя праводзіла ператрусы і затрымлівала людзей за допісы ў сацыяльных сетках.

У выніку рэйду яны злавілі як мінімум 12 чалавек у Воршы, і аднаго жыхара Сянна. Усім затрыманым мужчынам аршанскія суддзі прызначылі пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту ад 10 да 15 дзён, а кожную жанчыну штрафавалі на 1 850 рублёў, паведамляе «Віцебская вясна».

Вядома, што першым, хто трапіў пад рэпрэсіі, быў аршанец, сябра аргкамітэта для стварэння Сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" Аляксандр Школьнікаў.

Пазней з'явілася інфармацыя аб затрыманні і ператрусе ў ягонай кватэры. Аляксандр - інвалід зроку, аднак да суда міліцыянты адправілі яго ў ізалятар часовага ўтрымання.

Суд арыштаваў Школьнікава мінімум на 10 дзён.

Акрамя таго, лукашысты прадэманстравалі відэа, запісаныя з сямю затрыманымі з Гомеля, Мазыра і Каленкавічаў. Іх абвінавачваюць у выяўленні нелаяльнасці да рэжыму Лукашэнкі, піша «Флагшток».

Сярод затрыманых — Аляксандр Тарасевіч і Вераніка Ніколкіна, а таксама жыхары Мазыра Мікалай Пышнік і Кірыл Гамаюнаў. Паведамляецца, што іх затрымалі за "падпіскі на тэлеграм-каналы і негатыўныя выказванні на адрас міліцыянтаў і расейскіх войскаў".

Апошнія навіны