Пуцін прызнаў сябе васалам
- 21.03.2023, 12:09
Ролі памяняліся.
Тэлеграм-канал Сynic звярнуў увагу на асноўныя цытаты з артыкула Пуціна, апублікаванага напярэдадні візіту кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна ў Маскву:
«З перамовамі, якія маюць адбыцца, мы звязваем вялікія чаканні. Не сумняваемся, што яны нададуць новы моцны імпульс усяму комплексу двустаронняга супрацоўніцтва. Для мяне гэта таксама цудоўная магчымасць пабачыцца з добрым старым сябрам, з якім у нас склаліся самыя цёплыя стасункі.
Расейска-кітайскія стасункі перасягаюць вайскова-палітычныя звязы часоў халоднай вайны, у іх няма кіраўніка і кіраванага, няма якіх-небудзь абмежавальнікаў або забароненых тэм.
Пры гэтым важна, што ва ўзаемным гандлі расце доля разлікаў у нацыянальных валютах, і нашы стасункі становяцца яшчэ больш суверэннымі.
Расея і Кітай - дзяржавы са старажытнымі самабытнымі традыцыямі і каласальным культурным здабыткам.
Адрозна ад пэўных прэтэндэнтаў на гегемонію і краін, якія ўносяць разлад у сусветную гармонію, Расея і Кітай у першасным і пераносным сэнсе будуюць масты. Так, летась нашы прымежныя рэгіёны злучылі два маставыя пераходы праз Амур, які даўно стаў «ракой сяброўства». Сярод "хваль і вятроў" на планеце мы шчыльна ўзаемадзейнічаем у міжнародных справах і, стоячы поплеч, "як скала пасярод вірлівай плыні", эфектыўна каардынуем замежнапалітычныя пазіцыі, змагаемся з агульнымі пагрозамі, рэагуем на сучасныя выклікі. Актыўна прасоўваем такія дэмакратычныя шматстароннія структуры, як ШАС і БРІКС, якія становяцца ўсё больш аўтарытэтнымі і ўплывовымі, знаходзяць новых партнёраў і сяброў. Гэтай жа мэце служыць дзейнасць для спалучэння будаўніцтва Еўразійскага эканамічнага саюза і ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях".
Адзначаем канструкцыйную ролю кітайскай "Ініцыятывы ў галіне глабальнай бяспекі", якая сугучная расейскім падыходам у гэтай сфэры.
Удзячныя за ўзважаную лінію КНР у сувязі з падзеямі ва Украіне, за разуменне іх перадгісторыі і сапраўдных прычын. Вітаем ахвоту Кітая адыграць канструкцыйную ролю ў справе ўрэгулявання крызісу. Глыбока ўстурбаваныя безадказнымі і проста небяспечнымі дзеяннямі, здольнымі падважыць глабальную ядзерную бяспеку.
Нельга не разумець, што NATO спрабуе надаць сваёй дзейнасці глабальны ахоп, нацэліўшыся на пранікненне ў Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён. Што пэўныя сілы настойліва імкнуцца раздрабніць агульнаеўразійскую прастору на сетку "эксклюзіўных клубаў" і вайсковых блокаў, накіраваных на стрымліванне развіцця нашых краін, на ўціск іх інтарэсаў.
Упэўнены, што наша сяброўства і партнёрства, якія грунтуюцца на стратэгічным выбары народаў дзвюх краін, будуць далей расці і мацнець у імя дабрабыту і росквіту Расеі і Кітая. І гэтаму, несумненна, будзе спрыяць цяперашні візіт у Расею Старшыні КНР».
Акрамя таго, Сynic апублікаваў знакавае фота з сустрэчы Пуціна і кіраўніка Кітая ў Маскве.
«Ролі памяняліся.
Цяпер з ліслівым сарамлівым выглядам дваровай куртызанкі Пуцін сядзіць перад Сі, які ганарліва глядзяць згары долу.
У далёкім 2020-м з такім маркотным выглядам сядзеў Лукашэнка», - піша тэлеграм-канал.