BE RU EN

Дзе зараз вядомы спартыўны каментатар Навіцкі

  • 20.03.2023, 21:38

Знакаміты каментатар спрабаваў вярнуцца на «Беларусь 5», але не змог.

Голас Уладзіміра Навіцкага ведае кожны беларус, які больш-менш назіраў за спортам апошнія гадоў 30. Чым зараз займаецца самы славуты з каментатараў на беларускай спартыўнай тэлевізіі?

Уладзімір Навіцкі патрапіў у спартовую журналістыку яшчэ ў канцы 70-х і заставаўся ў прафесіі 38 гадоў. За гэты час харызматычны Навіцкі, інжынер паводле адукацыі, папрацаваў на трынаццаці Алімпіядах, чэмпіянатах свету ў футболе і хакеі і мностве іншых вялікіх турніраў.

Дзеля прафесіі Навіцкі за некалькі месяцаў вывучыў беларускую мову і каментаваў спорт у тым ліку па-беларуску. Але аднойчы яго абвінавацілі як даносчыка.

Бліжэй да канца 2010-х за мэтрам, як называлі гэтага каментатара, сталі заўважаць агаворкі. Напрыклад, ён мог расказваць гледачам пра хакеістаў, якія чамусьці выходзяць на футбольнае поле, ці пра футбаліста, які нібыта гуляе ў матчы, хаця насамрэч ён спакойна сядзіць на лаве запасных. Аднак да Навіцкага і ягонай працы ставіліся з павагай.

У 2019-м 65-гадовы каментатар пайшоў на пенсію. Чым ён займаўся пасля?

Як стала вядома «Нашай Ніве», Навіцкі доўга змагаўся з цяжкай хваробай. Пасля знакаміты каментатар спрабаваў вярнуцца на «Беларусь 5», але не змог дамовіцца аб гэтым з кіраўніцтвам канала.

Аднак і ў такой сітуацыі каментатар не застаўся без працы. Навіцкі мае даўнюю любоў да беларускага пляжнага футбола, і зараз, на пенсіі, ён працягвае каментаваць пляжнафутбольныя гульні ўжывую. А 17 сакавіка Навіцкі і зусім парадніўся з федэрацыяй пляжнага футбола - зорку спартыўнай тэлевізіі выбралі адным з чальцом выканкама гэтага аб'яднання.

Апошнія навіны